Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкордныя зьніжкі на нафту і дрэнныя наступствы для Расеі: на нафтавым рынку пачынаецца гандлёвая вайна


Міністры энэргетыкі Савудаўскай Арабіі і Расеі на пасяджэньні АПЕК у Вене
Міністры энэргетыкі Савудаўскай Арабіі і Расеі на пасяджэньні АПЕК у Вене

Савудаўская Арабія ў нядзелю абвясьціла аб істотнай зьніжцы, якую будуць атрымліваць пакупнікі яе нафты. Як паведамляе Bloomberg, красавіцкія партыі нафты, якая здабываецца дзяржаўнай кампаніяй Saudi Aramco, патаньнеюць на 4-6 даляраў за барэль, а зьніжкі для пакупнікоў з ЗША будуць яшчэ большымі.

Экспэрты разглядаюць гэты крок як пачатак «гандлёвай вайны» на нафтавым рынку і як рэакцыю ў адказ на выхад Расеі з пагадненьня OPEC+. У пятніцу на пасяджэньні краін-экспарцёраў нафты OPEC у Вене Расея адмовілася падтрымаць скарачэньне здабычы. Фармальна яна мае права гэта рабіць: Расея не зьяўляецца сябрам OPEC (Арганізацыі краін-экспарцёраў нафты). Але яна была зьвязана зь іншымі экспарцёрамі нафты пагадненьнем OPEC+ (пагадненьне «саюзных краін») аб каардынацыі сумесных дзеяньняў на рынку.

Сусьветны попыт на нафту моцна ўпаў з прычыны цёплай зімы і ўспышкі каранавірусу, якая выклікала агульнае зьніжэньне тэмпаў росту прамысловасьці. Экспарцёры нафты разьлічвалі, што зьніжэньне здабычы (і скарачэньне прапановы нафты на рынку) можа падвысіць цэны на нафту. Але Расея падтрымаць зьніжэньне здабычы адмовілася. Прэзыдэнт Уладзімір Пуцін назваў цяперашні ўзровень цэн «прымальным», а ў «Роснефти» заявілі, што ўгода з OPEC+ была «пазбаўленая сэнсу».

Пасьля сустрэчы ў Вене цэны на нафту ў пятніцу зьнізіліся прыкладна на 8% і набліжаюцца да 45 даляраў за барэль. Рашэньне савудаўскіх уладаў пра зьніжкі, праўдападобна, будзе спрыяць далейшаму падзеньню цэн. Аднак можа дапамагчы Saudi Aramco захапіць новыя рынкі і заваяваць пакупнікоў, якія раней аддавалі перавагу расейскай нафце.

Пагадненьне OPEC+ аб скарачэньні здабычы нафты на 1,7 мільёна барэляў у суткі дзейнічае да канца сакавіка. Ад 1 красавіка ніякіх абавязацельстваў па скарачэньні нафты ў краін-удзельніц няма.

Падзеньне коштаў на нафту будзе мець некалькі наступстваў для Расеі. Па-першае, яно, верагодна, прывядзе да змушанага зьніжэньня цэн на расейскі газ, бо ў шматлікіх доўгатэрміновых кантрактах цэны на газ прывязаныя да цэнаў на нафту. Другім наступствам стануць цяжкасьці для расейскага бюджэту, які на 90% фармуецца ад продажу нафты і газу на экспарт. Прагназуецца, што скарачэньне нафтавых даходаў можа прывесьці да скарачэньня сацыяльных выдаткаў бюджэту і далейшай дэвальвацыі рубля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG