Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія ўлады ня будуць ушаноўваць месцы масавых рэпрэсіяў


Арт-акцыя ў «лесе сьмерці» пад Гомелем, студзень 2020
Арт-акцыя ў «лесе сьмерці» пад Гомелем, студзень 2020

Гомельскія ўлады далі адказ на калектыўны зварот 702 грамадзян, якія прасілі дасьледаваць і ўшанаваць месцы масавых рэпрэсіяў пад Гомлем. «Адсутнічаюць дастатковыя архіўныя дакумэнты, якія б сьведчылі аб тым, што гэтыя тэрыторыі зьяўляюцца месцамі пахаваньняў ахвяраў рэпрэсіяў», — напісалі з аблвыканкаму.

Калектыўны зварот і збор подпісаў былі падрыхтаваныя ў межах грамадзянскай кампаніі «Забітыя і забытыя». Кампанія пачалася ў сьнежні 2019 году. Актывісты выступаюць за ўсебаковае дасьледаваньне месцаў масавых расстрэлаў і пабудову мэмарыялу ў памяць аб нявінна забітых людзях. Пад Гомлем ёсьць прынамсі два месцы пахаваньняў ахвяраў рэпрэсіяў. Абодва знаходзяцца каля шашы Гомель — Чарнігаў.

Удзельнікі кампаніі «Забітыя і забытыя» правялі збор подпісаў пад зваротам, арганізавалі лекцыю гісторыка Ігара Кузьняцова «Праблемы ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскага тэрору 1930–40-х гадоў», удакумэнтавалі сьведчаньні нашчадкаў ахвяраў рэпрэсіяў, зьдзейсьнілі фотапраект у «Лесе сьмерці».

«У сваім звароце мы пункт за пунктам напісалі, што дзяржава мусіла зрабіць — і не зрабіла, для ўшанаваньня ахвяраў рэпрэсіяў. З адказу мы бачым, што ўлады не прызнаюць месцам масавых пахаваньняў ахвяраў рэпрэсіяў лес каля Чарнігаўскай шашы, дзе на замову пракуратуры ў 1995 годзе праходзілі раскопкі і было даказана, што там пахаваныя ахвяры рэпрэсіяў. Мы запатрабуем ад пракуратуры, каб яна агучыла афіцыйныя вынікі раскопак у 1995 годзе.

Насамрэч ёсьць два месцы ў лесе, дзе пахаваныя шмат людзей з прыкметамі гвалтоўнай сьмерці. Там павінны прайсьці раскопкі — толькі ня сіламі 52-га пошукавага батальёну, які проста падымае парэшткі людзей і не дае адказу, хто там быў пахаваны. Грамадзкасьць павінна ведаць, хто там быў забіты і пахаваны», — патлумачыла Свабодзе каардынатарка кампаніі «Забітыя і забытыя» Ларыса Шчыракова.

Кампанія будзе патрабаваць ад уладаў ушанаваць памяць землякоў, якія сталі ахвярамі рэпрэсіяў.

«Мы будзем абапірацца на кнігу „Памяць“, дзе задакумэнтаваныя зьвесткі пра нашых рэпрэсаваных землякоў. Будзем намагацца, каб вуліцы ў Гомлі назвалі ў гонар нашых знакамітых рэпрэсаваных. Напрыклад, у Гомлі ёсьць вуліца Хатаевіча, аднаго з „аўтараў“ Галадамору ва Ўкраіне. Але няма вуліцы ў гонар, скажам, знакамітага архітэктара Шабунеўскага, дзяячкі БНР Бадуновай», — зазначыла Шчыракова.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG