Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вернуцца дэвальвацыйныя чаканьні?


Крызысныя зьявы ў эканоміцы могуць парушыць манэтарную стабільнасьць ў краіне.

Сьцісла:

  • Адзіным эканамічным дасягненьнем у эканоміцы апошнімі гадамі была грашова-крэдытная палітыка.
  • Крызыс у нафтавай галіне падрывае стабільнасьць на валютным рынку.
  • Аслабленьне беларускага рубля, скарачэньне золатавалютных рэзэрваў можа выклікаць дэвальвацыйныя чаканьні ў грамадзтве.

Апошнімі гадамі сытуацыя ў эканоміцы Беларусі была стабільна дрэннаю. Валавыя паказьнікі, заробкі расьлі мінімальнымі тэмпамі. Адставаньне ўзроўню жыцьця ад суседніх краін усё больш заўважаецца.

На гэтым фоне была адна сфэра, дасягненьнямі ў якой улады Беларусі моцна ганарыліся. Гэта стабільнасьць на валютна-грашовым рынку. Сапраўды, нягледзячы на эканамічную стагнацыю, у гэтай сфэры макраэканамічныя паказьнікі былі добрыя. Гэта стабільны абменны курс беларускага рубля, невысокая інфляцыя, станоўчае сальда замежнагандлёвага балянсу. Увесь мінулы год нязьменна расьлі золатавалютныя рэзэрвы. Беларусы неяк сталі забываць, што такое дэвальвацыйныя і інфляцыйныя чаканьні.

Аднак з пачатку гэтага году усё пайшло так-сяк накасяк. Крызыс з пастаўкамі нафты ударыў па галоўнай галіне эканомікі Беларусі, якая прыносіла найбольш валюты ў краіну. І адразу паляцелі долу ўсе паказьнікі.

У студзені валавы ўнутраны прадукт Беларусі скараціўся на 2%. У першым месяцы году вытворчасьць коксу і прадуктаў нафтаперапрацоўкі ўпала на 41% у параўнаньні з аналягічным леташнім пэрыядам, прадукцыя апрацоўчай прамысловасьці зьнізілася на 5%, гуртовы тавараабарот скараціўся на 15,1%, а грузаабарот транспарту — на 17,2%. Экспарт тавараў зьнізіўся ў студзені 2020 г. на 16,6%.

Але ўсе гэтыя паказьнікі важныя для адмыслоўцаў, якія ўважліва сочаць за ўсімі эканамічнымі парамэтрамі. А для абываталя значэньне мае тое, што нейкім чынам зьвязана зь ягоным дабрабытам. Дакладней, з тымі грашовымі сродкамі, якія ён рэзэрвуе, запасаецца на «чорны дзень». Як вядома, большасьць беларусаў захоўвае свае грошы ў валюце. Таму за курсамі валютаў людзі сочаць.

Дык вось якраз з абменным курсам беларускага рубля вялікія праблемы. З пачатку году дэвальвацыя беларускага рубля да даляра склала 5,5%. 6 сакавіка на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы даляр абнавіў гістарычны максымум: амэрыканская валюта падаражэла на 0,0039 капейкі — да 2,2396 рубля. Яшчэ больш істотны скачок зрабіла эўра — адразу на амаль тры капейкі, да 2,5178 рубля.

На гэтыя працэсы моцна ўплываюць міжнародныя чыньнікі. Каранавірус, зьніжаюцца цэны на нафту і інш. У зьвязку з гэтым пакаціўся ўніз расейскі рубель. Але і ўласныя праблемы ў эканоміцы Беларусі таксама спрычынілся да аслабленьня беларускага рубля.

І гэта яшчэ ня ўсе дрэнныя навіны. За люты золатавалютныя рэзэрвы Беларусі зьнізіліся на 438,2 мільёна даляраў, або на 4,7%. А з пачатку ж году яны скараціліся на 588,6 мільёна даляраў, альбо на 6,3%.

І абываталь, назіраючы за ўсімі гэтымі працэсамі, рэагуе на сытуацыю адэкватна. Ён стаў менш прадаваць валюты і больш купляць яе. Прычым нягледзячы на тое, што яна заўважна падаражэла.

Чатыры гады насельніцтва Беларусі было чыстым прадаўцом наяўнай валюты і застаецца дасюль. Гэта стала адным з чыньнікаў росту золатавалютных рэзэрваў. Але на вачах адбываецца злом тэндэнцыі. Прыкметна скарачацца чыстыя продажы наяўнай валюты пачалі ў сьнежні. У лютым сальда выявілася мінімальным — продаж перавысіў куплю ўсяго на 17,9 млн даляраў. А варта нагадаць, што у мінулыя гады сальда трымалася на ўзроўні да 200 млн даляраў. Увогуле, з улікам безнаяўных апэрацыяў насельніцтва ўжо стала чыстым пакупніком.

То бок мы бачым першыя прыкметы вяртаньня, здавалася б, даўно забытых чаканьняў дэвальвацыі.

А нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць на палову сваіх магутнасьцяў толькі два месяцы. А што будзе далей? Як доўга можа захоўвацца манэтарная стабільнасьць ва ўмовах эканамічнай турбулентнасьці?

Адказы прынамсі не відавочныя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG