Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністарка працы Беларусі патлумачыла зьніжэньне заробкаў бюджэтнікаў у студзені


Ірына Касьцевіч, архіўнае фота

З 1 студзеня 2020 году ў Беларусі дзейнічае новы парадак аплаты працы работнікаў бюджэтнай сфэры. У студзені шырокую агалоску атрымалі выпадкі зьніжэньня заробкаў у некаторых бюджэтнікаў. Чаму так здарылася, распавяла міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч ў інтэрвію тэлеканалу АНТ.

Паводле Ірыны Касьцевіч, новая сыстэма аплаты працы «не была нацэленая на павышэньне заработнай платы», галоўнай мэтай было — удасканаліць саму сыстэму налічэньня заробкаў, зрабіць яе больш празрыстай.

«Галоўнае — не дапусьціць зьніжэньня заработнай платы ў роўных умовах, а менавіта пры аднолькавай колькасьці дзён, пры аднолькавай нагрузцы, — падкрэсьліла Касьцевіч. — Якія пытаньні вырашыла гэтая новая сыстэма? Тарыфная стаўка — 41 рубель. Калі паглядзець да мінімальнага заробку, то ўсяго крыху больш за 12% удзельная вага тарыфнай часткі. З 1 студзеня мы перайшлі на базавую стаўку — і гэта 185 рублёў. Мы ўзмацнілі ўдзельную вагу пастаяннай тарыфнай гарантаванай часткі ў заработнай плаце», — патлумачыла яна.

Як распавяла Касьцевіч, на практыцы сапраўды былі зафіксаваныя выпадкі памылак пры разьліку заробкаў, прычынай нярэдка станавіўся так званы «чалавечы фактар». Для праверкі, паводле міністаркі, у Мінпрацы дастаткова паведаміць назву арганізацыі.

Паводле Касьцевіч, работнікі ў першую чаргу зьвярталі ўвагу на выніковую лічбу, а не на яе складнікі. Напрыклад, «у адукацыі да элемэнту заработнай платы адносілі матэрыяльную дапамогу, але гэта не элемэнт зарплаты. Прэмія, якую давалі за кошт эканоміі. Не можа быць эканоміі ў студзені, так як гэта пачатак года», — патлумачыла міністарка.

Яна таксама паведаміла, што Мінпрацы раней арганізавала прамую тэлефонную лінія па пытаньнях налічэньня зарплаты, якая будзе працаваць і ў сакавіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG