Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропе была рэкордна цёплая зіма. У Беларусі чацьвёрты запар надзвычай цёплы дзень вясны


Тэмпэратурныя рэкорды ў Беларусі фіксуюць непарыўна ад пачатку вясны: як піша БелаПАН, максымумы зарэгістравалі і 4 сакавіка.

Абсалютны гістарычны рэкорд тэмпэратуры ў Беларусі не пабіты: у 1995 годзе 4 сакавіка ў Брагіне было +15,4°С. Днём раней такі рэкорд быў пабіты, і адразу на 3,8°С.

Але 4 сакавіка былі пабітыя 18 лякальных тэмпэратурных рэкордаў у Віцебскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласьцях. У тым ліку зафіксавалі такія рэкорды:

Менск: +9,1°С супраць ранейшага рэкорду ў 8,6°С у 1998 годзе. Рэкорд другі дзень запар.

Магілёў: +11,2°С супраць 9,6°С у 1995-м. Рэкорд другі дзень запар.

Віцебск: +9,7°С супраць 7,4°С у 2017-м.

Ня толькі ў Беларусі не было зімы

Цягам мінулай зімы ў Беларусі 29 дзён з 91 фіксавалі рэкорды мэтэаназіраньняў за ўвесь час. Студзень стаў найцяплейшым за ўвесь час назіраньняў. Упершыню за гісторыю назіраньняў у Беларусі ў каляндарную зіму не было зімы кліматычнай, калі сярэдняя тэмпэратура працяглы час была б ніжэйшай за 0°С. Адсутнасьць кліматычнай зімы зафіксавалі таксама ў Кіеве.

Як піша Служба зьмены клімату Капэрніка, і 2019 год, і зіма 2019/2020 былі рэкордна цёплымі для ўсёй Эўропы. Мінулы люты быў другім у цеплыні за ўсю гісторыю назіраньняў у Эўропе і сьвеце.

Мінулая зіма была цяплейшай на 1,4°С за мінулы рэкорд (2015/2016) у Эўропе, на 3,4°С цяплейшай за сярэднія тэмпэратуры 1981–2010 гадоў. Пасьля 2000 году ў Эўропе і сьвеце тэмпэратурныя анамаліі амаль ніколі не былі адхіленьнямі ў «халаднейшы» бок.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG