Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эрдаган адкрыў браму. Ці пагражае Эўропе новая хваля міграцыі?


Уцекачы на грэка-турэцкай мяжы
Уцекачы на грэка-турэцкай мяжы

«Гэта напад Турэччыны на Грэцыю і Эўрапейскі зьвяз. Людзей выкарыстоўваюць для ціску на Эўропу... ЭЗ не павінен паддавацца шантажу. Магу сказаць адно: калі абараніць вонкавыя межы ЭЗ ня ўдасца, дык Эўропа без унутраных межаў сыдзе ў мінулае. Мы павінны зрабіць усё, каб 2015 год не паўтарыўся».

З такой жорсткай заявай выступіў у аўторак, 3 сакавіка, канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц — пасьля таго, як прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган абвясьціў, што Анкара больш не будзе перашкаджаць перамяшчэньню ўцекачоў, якія знаходзяцца на турэцкай тэрыторыі, у краіны Эўразьвязу. «Іх шмат і будзе яшчэ больш. Іх колькасьць будзе вылічацца мільёнамі», — заявіў Эрдаган на прэс-канфэрэнцыі ў Анкары.

Аглядальнік Радыё Свабода Яраслаў Шымаў спрабуе адказаць на пытаньне, наколькі сур’ёзная пагроза стаіць перад Эўразьвязам.

Хто ідзе?

Сапраўды, у Турэччыне знаходзяцца, паводле розных зьвестак, ад 3,5 да 4 млн уцекачоў, у асноўным з суседняй Сырыі, дзе з 2011 году працягваецца грамадзянская вайна. Аднак пасьля заявы Эрдагана да межаў з Грэцыяй і Баўгарыяй — найбліжэйшымі да Турэччыны краінамі ЭЗ, рушылі не мільёны, а толькі, паводле розных зьвестак, ад 10 да 25 тысяч чалавек (хоць турэцкія ўлады заявілі пра 117 тысяч). Паводле карэспандэнтаў заходніх інфармацыйных агенцтваў, якія знаходзяцца на месцы падзей, сярод уцекачоў ёсьць сырыйцы, аднак прыкметна больш людзей з Аўганістану, Ірану або Эрытрэі.

Сытуацыя ў раёне грэка-турэцкай мяжы:

Заява турэцкіх уладаў «прыцягнула больш увагі тых мігрантаў, чый статус у Турэччыне ня вызначаны і якім можа пагражаць дэпартацыя, а не ўцекачоў з Сырыі», — адзначае ў інтэрвію агенцтву Bloomberg Мурат Эрдаган (цёзка турэцкага прэзыдэнта), прафэсар Турэцка-нямецкага унівэрсытэту ў Стамбуле, які вывучае праблемы міграцыі.

Сырыйцы збольшага абжыліся ў Турэччыне. Хоць шмат каму з іх жывецца там бедна і цяжка, у Стамбуле і іншых турэцкіх гарадах зьявіліся цэлыя сырыйскія кварталы з актыўным гандлем. У Турэччыне ва ўцекачоў з Сырыі за апошнія 9 гадоў нарадзілася больш за паўмільёна дзяцей. У той жа час па меры разрастаньня сырыйскай супольнасьці яе сытуацыя пагаршаецца: у большасьці ўцекачоў няма мэдычнага страхаваньня, ім цяжка знайсьці працу, многія дзеці ня маюць магчымасьці хадзіць у школу.

Цяперашняя сытуацыя выклікае ў краін ЭЗ вялікія асьцярогі. Больш за ўсіх устрывожаная Грэцыя, якая непасрэдна сутыкаецца з напорам новых мігрантаў. У аўторак паступілі паведамленьні пра гібель сырыйскага дзіцяці ў Эгейскім моры — пасьля таго, як перавярнулася лодка, у якой знаходзілася група з амаль 50 уцекачоў. Астатніх выратавала грэцкая берагавая ахова. Яе прадстаўнікі заяўляюць, што за апошнія дні прыток мігрантаў на грэцкія выспы ў Эгейскім моры павялічыўся з 150-200 да 500-800 за суткі.

Агенцтву AFP ўдалося пагаварыць зь нелегальнымі перавозчыкамі, якія дзейнічаюць у гэтым раёне. Паводле іх, даволі жорсткі кантроль з боку турэцкіх уладаў практычна зьнік, і ў выніку кантрабандысты зьнізілі цэны: калі раней яны бралі з мігрантаў за перавоз ў Грэцыю па $200-300 з чалавека, то цяпер — усяго па $1-20.

На сухапутнай мяжы паміж Турэччынай і Грэцыяй сытуацыя застаецца напружанай. Прэзыдэнт Эрдаган асабіста абвінаваціў грэцкіх памежнікаў у тым, што яны адкрывалі агонь па мігрантах, забіўшы дваіх і цяжка параніўшы аднаго. Грэцкі бок гэта катэгарычна адмаўляе, у сваю чаргу абвінавачваючы турэцкія ўлады ў тым, што яны арганізуюць падвоз уцекачоў да мяжы аўтобусамі і нават раздаюць ім нажніцы, якімі можна перарэзаць мэталічную сетку і іншыя загароды на мяжы. Міністэрства замежных спраў Грэцыі аб’явіла, што спыняе на месяц прыём прашэньняў аб прытулку, і папярэдзіла:

«Ніхто ня мае права [нелегальна] перасякаць межы Грэцыі. Усе, хто паспрабуе зрабіць гэта, будуць спыненыя. Лічбы, названыя турэцкімі ўладамі, няслушныя і ўводзяць у зман».

Ведамства ААН па справах уцекачоў і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі раскрытыкавалі як Турэччыну, так і Грэцыю. Першую — за выкарыстаньне ўцекачоў у якасьці інструмэнта палітычнага ціску, другую — за жорсткае абыходжаньне зь людзьмі, якія імкнуцца трапіць на яе тэрыторыю, і за спыненьне прыёму прашэньняў пра прытулак. На думку праваабаронцаў з Human Rights Watch, гэты крок зьяўляецца парушэньнем міжнароднага права.

Хто яшчэ можа прыйсьці?

Эўрапейскі зьвяз выказаў салідарнасьць з Грэцыяй і Баўгарыяй (паток уцекачоў у бок мяжы з гэтай краінай значна меншы, чым у бок Грэцыі). Кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль заявіў:

«Я падтрымліваю намаганьні Грэцыі па абароне эўрапейскіх межаў. Мы ўважліва сочым за разьвіцьцём сытуацыі на месцы. У аўторак я наведваю грэка-турэцкую мяжу разам з прэм’ер-міністрам Грэцыі».

У Грэцыю і Турэччыну ў гэтыя дні накіраваліся высокія чыноўнікі Эўрапейскага зьвязу: акрамя згаданага вышэй Шарля Мішэля, гэта старшыня Эўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, шэф Эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Барэль і чалец Эўракамісіі, які курыруе надзвычайныя сытуацыі, Янэз Ленарчыч. Урсула фон дэр Ляен паведаміла пра тое, як яна зрабіла аблёт тэрыторыі, прылеглай да грэка-турэцкай мяжы:

Візыт брусэльскага кіраўніцтва завяршыўся абяцаньнем даць Грэцыі 700 млн эўраў на ўмацаваньне межаў. Старшыня Эўракамісіі назвала гэтую краіну «шчытом Эўропы». Эўрапейскія чыноўнікі занепакоеныя, бо разумеюць: галоўная пагроза наплыву ўцекачоў у ЭЗ зьвязаная ня з тымі зь іх, хто знаходзіцца ў Турэччыне, а з тымі, што яшчэ знаходзяцца на тэрыторыі Сырыі — у паўночнай правінцыі Ідліб, апошнім асяродку супраціву сырыйскай апазыцыі, якая змагаецца з рэжымам Башара Асада, якога падтрымліваюць Расея і Іран. У канцы мінулага году Эрдаган, які падтрымлівае праціўнікаў Асада, увёў войскі ў паўночныя раёны Сырыі, заявіўшы аб намеры стварыць там буфэрную зону, прылеглую да мяжы яго краіны.

Аднак дамовіцца аб лініі разьмежаваньня з Асадам і ягонымі апекунамі ў Маскве і Тэгеране толкам не атрымалася. Сырыйскія ўрадавыя войскі пры падтрымцы расейскай авіяцыі пачалі наступ на Ідліб, туркі ў лютым панесьлі сур’ёзныя страты. Вынікам гэтых падзей стала новая гуманітарная катастрофа: каля турэцкай мяжы ў вельмі дрэнных умовах туляцца ня менш за мільён новых уцекачоў з раёнаў Сырыі, нядаўна занятых войскамі Асада. Пакуль Эрдаган ня даў распараджэньня ўпусьціць гэтых людзей на тэрыторыю Турэччыны. Калі аддасьць — дык, цалкам магчыма, толькі для таго, каб прапусьціць вялікую хвалю ўцекачоў у Эўразьвяз.

Хто вінаваты?

Галоўным аргумэнтам турэцкага прэзыдэнта зьяўляецца невыкананьне Эўразьвязам умоў пагадненьня, заключанага з Турэччынай у 2016 годзе. Тады Брусэль паабяцаў Анкары 6 млрд эўра на ўтрыманьне ўцекачоў, паступовую адмену візавых абмежаваньняў для грамадзян Турэчыыны і працяг перамоваў аб уступленьні гэтай краіны ў ЭЗ — у абмен на закрыцьцё мяжы для мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Эўропу. Пагадненьне стала рэакцыяй на міграцыйны крызіс 2015 году, калі за некалькі месяцаў у краіны ЭЗ прыбылі, паводле прыблізных ацэнак, ня менш за паўтара мільёна ўцекачоў і нелегальных мігрантаў. Дзякуючы дамоўленасьці з Турэччынай і мерам па ўмацаваньні вонкавых межаў ЭЗ так званая «балканская сьцежка» — шлях, па якім мігранты ішлі з Блізкага Ўсходу ў краіны Заходняй Эўропы — была па большай частцы перакрытая.

Цяпер Эрдаган абвінавачвае эўрапейскіх лідэраў у тым, што яны не выканалі ня толькі ўмовы, якія тычацца збліжэньня Турэччыны з ЭЗ (чаго насамрэч цяжка было чакаць, улічваючы рэпрэсіўную палітыку самога Эрдагана пасьля спробы перавароту ў Турэччыне летам 2016 году), але і не выдзелілі абяцаных грошай. Тут турэцкі лідэр хітруе, кажа дырэктар баўгарскай рэдакцыі Радыё Свабодная Эўропа Іван Бедроў, і прыводзіць такія дадзеныя:

  • зь першага траншу (3 млрд эўра, 2016-2017) выплачана практычна ўсё, сродкі накіраваны на канкрэтныя праекты дапамогі ўцекачам;
  • з другога траншу (2,96 млрд еўра, 2018-2019) выплачана 750 млн, яшчэ 1,7 млрд ўзгоднена — г. зн. вызначана, на якія мэты гэтыя сродкі будуць выдаткаваныя, — і будзе выплачана блізкім часам;
  • грошы вылучаюцца не наўпрост ўраду Турэччыны, а арганізацыям, якія аказваюць дапамогу ўцекачам (Чырвоны Крыж і Паўмесяц, Арганізацыя ААН па дапамозе дзецям — ЮНІСЭФ, Сусьветная харчовая праграма і інш.) пад канкрэтныя праекты;
  • сродкі разьмяркоўвае кіраўнік рады, у якой ёсьць і прадстаўнік ураду Турэччыны.

З вылучаных ЭЗ сродкаў:

  • аказана гуманітарная дапамога 1,7 мільёна ўцекачоў, якія знаходзяцца ў Турэччыне;
  • больш за 500 тысяч дзяцей атрымалі доступ да адукацыі;
  • пабудавана 180 новых школ;
  • наняты на пастаянную работу сярод уцекачоў 4 тысячы настаўнікаў турэцкай мовы;
  • створана 179 часовых клінік і мэдычных пунктаў;
  • аказаны каля 2 мільёнаў кансультацый цяжарным жанчынам;
  • зробленыя прышчэпкі 650 тысячам дзяцей.

Як заявіла на днях канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель, Анкара імкнецца, «прыкрыўшыся ўцекачамі», дамагчыся ад ЭЗ разьвязаньня сваіх ваенна-палітычных праблем. Як адзначае ў інтэрвію выданьню Politico кіраўнік грэцкага аналітычнага цэнтру Eliamep Георгіяс Пагулатас, дылема, перад якой Эрдаган ставіць эўрапейцаў, такая: «Альбо дыпляматычная інтэрвэнцыя з мэтай вырашыць крызіс у Ідлібе, альбо падзел цяжару па ўтрыманьні сырыйскіх уцекачоў паміж краінамі ЭЗ. Першае вельмі няпроста, другое — тым больш».

Ангела Мэркель (у цэнтры) атрымлівае падарунак ад Рэджэпа Эрдагана (справа) на цырымоніі адкрыцьця новага кампусу Турэцка-нямецкага ўнівэрсытэту ў Стамбуле, 24 студзеня 2020
Ангела Мэркель (у цэнтры) атрымлівае падарунак ад Рэджэпа Эрдагана (справа) на цырымоніі адкрыцьця новага кампусу Турэцка-нямецкага ўнівэрсытэту ў Стамбуле, 24 студзеня 2020

Магчыма, пэрспэктывы разьвіцьця сытуацыі з уцекачамі стануць больш яснымі да канца гэтага тыдня. На 5 сакавіка ў Маскве намечаны перамовы паміж Рэджэпам Эрдаганам і Ўладзімірам Пуціным, галоўнай тэмай якіх будзе сытуацыя ў Ідлібе. Тады ж, 5-6 сакавіка, у Заграбе адносіны з Турцыяй і сытуацыю з уцекачамі абмяркуюць міністры замежных спраў краін ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG