Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне новы ўрад. Што стала прычынай першага крызісу ў камандзе Зяленскага

абноўлена

Дзяніс Шмыгаль
Дзяніс Шмыгаль

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла новы склад Кабінэту міністраў на чале з прэм’ер-міністрам Дзянісам Шмыгалем.​

Урад абноўлены на 80 адсоткаў і паводле сярэдняга ўзросту сталейшы за ўрад Аляксея Ганчарука. Новым міністрам ад 42 да 70 гадоў.

Свабода разьбіралася, што выклікала адстаўку першага ўраду Ўладзіміра Зяленскага і якія знакавыя кадравыя ратацыі адбыліся.

Што выклікала ўрадавы крызіс

Афіцыйнай прычынай зьмены ўраду прадстаўнікі партыі «Слуга народу» называюць правал бюджэтнай палітыкі і падзеньне прамысловай вытворчасьці. Паводле афіцыйнай статыстыкі, з пачатку году аб’ём прамысловасьці скараціўся на 5%, а даходы бюджэту — на 21,5% менш, чым плянавалася. Найбольш скараціліся паступленьні ад мытнай службы.

«Як так здарылася, што курс, які выбралі 73% насельніцтва, — правільны, але насамрэч у кішэнях людзі гэтага не адчуваюць — ні ў рахунках, ні ў сыстэмных рэформах», — сказаў намесьнік кіраўніка фракцыі «Слуга народу» Аляксандар Карніенка.

На гэтыя абставіны зьвяртаюць увагу і апанэнты парлямэнцкай большасьці, але яны ня бачаць асаблівага сэнсу ў «перазагрузцы» ўраду, кажучы, што зьмена прозьвішчаў ня вырашыць праблемаў.

«Прэм’ер-міністрам, пракурорам і Вярхоўнай Радай у нас працуе спадар Зяленскі. У зале парлямэнту сядзяць 250 Зяленскіх. Гэта вялікая сіла, але і вялікая адказнасьць. А калі нешта не працуе, яны выкарыстоўваюць паліттэхналягчны прыём — адправіўшы ў адстаўку, перакласьці адказнасьць. Тое, што зараз адбываецца, — гэта сорам. І тое, што тычыцца сацыяльнай абароны людзей — і ня толькі пэнсіяў, і тое, што тычыцца бясьпекі. Улада павінна адэкватна адказваць на наяўныя выклікі і пагрозы. Адстаўка пэўных асобаў ня ёсьць адэкватным адказам», — заявіў дэпутат фракцыі «Эўрапейская Салідарнасьць» экс-прэзыдэнт Пятро Парашэнка.

Паводле лідэркі фракцыі «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі, патрэбная зьмена ня толькі ўраду, а і курсу краіны:

«Калі мы зараз гаворым пра зьмену ўраду, то ці ёсьць гэта зьмена курсу краіны? Не! Бо курс вызначае прэзыдэнт Украіны, і ён дае заданьне ўраду. Таму ніякая перастаноўка прозьвішчаў, крэслаў і сталоў у выканаўчай галіне не дапаможа, калі прэзыдэнт захавае курс на продаж зямлі, стратэгічнай уласнасьці, на зьнішчэньне нацыянальнай навукі і сярэдняй клясы. Таму неабходна тэрмінова зьмяніць курс і ратаваць будучыню краіны».

«Не сыграліся»

Палітычны экспэрт Аляксандар Салантай мяркуе, што эканамічныя тэндэнцыі, вызначаныя статыстыкай, не галоўная прычына адстаўкі Аляксея Ганчарука і часткі ягонага ўраду:

«На мой погляд, Аляксей Ганчарук не спрацаваўся з прэзыдэнтам Зяленскім, і той вырашыў яго зьмяніць. Урад ня мог за паўгода так паўплываць на эканамічныя працэсы — гэта спадчына мінулага пэрыяду. Калі і ёсьць прэтэнзіі да паказьнікаў працы, то яны хутчэй іншыя — да рыхтаваньня хуткіх рашэньняў або выкананьня ягоных даручэньняў. Магчыма, Зяленскі лічыць прэм’ер-міністра вінаватым у пэўных кадравых прызначэньнях, якія, на ягоную думку, былі неэфэктыўныя. Такое магчыма, але прэзыдэнт мусіць разумець, што за паўгода эканоміка не расьце і не скарачаецца».

Экспэрт нагадаў, што да прызначэньня прэм’ер-міністрам Аляксей Ганчарук працаваў намесьнікам кіраўніка офісу прэзыдэнта: «Ён быў у набліжанай камандзе прэзыдэнта, таму і атрымаў пасаду кіраўніка ўраду. І калі мы кажам, што яны не сыграліся, то маецца на ўвазе тое, якім чынам між імі адбываліся працоўныя кантакты і ці дакладна выконваліся даручэньні».

Аляксандар Салантай перакананы, што новы урад прадоўжыць палітыку прэзыдэнта Зяленскага: «Урад мусіць быць больш эфэктыўны, ён павінен памятаць, што адбылося з папярэднім урадам, і будзе больш дакладна выконваць усё тое, што скажа Зяленскі».

Чым незадаволены Зяленскі?

Сам Зяленскі, выступаючы сёньня ў парлямэнце, адзначыў пэўныя дасягненьні ўраду Аляксея Ганчарука, найперш — адсутнасьць карупцыі, зьніжэньне інфляцыі, пачатак прыватызацыі і барацьбу зь ценевым сэктарам эканомікі:

«Але ня красьці — недастаткова. Гэта быў урад новых абліччаў, але іх недастаткова. Нам патрэбныя новыя розумы і новыя сэрцы. Гэты ўрад ведае, што рабіць, але недастаткова ведаць. Гэта сапраўды патрабуе вялікай працы. Мы павінны прызнаць памылкі».

Уладзімір Зяленскі раскрытыкаваў урад за невыкананьне бюджэту, адсутнасьць эфэктыўнай барацьбы з кантрабандай, невырашэньне сацыяльных праблемаў, у тым ліку запазычанасьці ў заробках у вугальнай галіне і неіндэксацыю пэнсіяў. Асобна ўвагу прэзыдэнт Украіны зьвярнуў не брак прагрэсу ў рэфармаваньні сыстэмы аховы здароўя.
Абгрунтоўваючы неабходнасьць адстаўкі ўраду, Зяленскі працытаваў Вацлава Гаўла — апошняга прэзыдэнта Чэхаславаччыны і першага прэзыдэнта Чэхіі: «Лепш пяць гадоў памылак, чым 50 гадоў сабатажу».

Новы прэм'ер

Найбольш імклівую кар’еру сярод новапрызначаных зрабіў 44-гадовы Дзяніс Шмыгаль, цяперашні прэм’ер-міністар. Адразу пасьля перамогі Ўладзіміра Зяленскага яго разглядалі як магчымага кіраўніка Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі (ён ураджэнец Львова, у якім правёў большую частку жыцьця). Але ўрэшце прызначылі кіраўніком Івана-Франкоўскай вобласьці, а пасьля «пасьпяховай», як сказаў ягоны папярэднік Аляксей Ганчарук, працы ў рэгіёне ўжо праз паўгода паставілі міністрам разьвіцьця грамадаў і тэрыторыяў і адначасова віцэ-прэм’ерам. Да працы ў дзяржаўным сэктары ён займаўся бізнэсам і пэўны час працаваў дырэктарам Бурштынскай цеплаэлектрастанцыі, якая належыць украінскаму алігарху Рынату Ахметаву.

Прадстаўляючы новых міністраў, Дзяніс Шмыгаль заявіў:

«Гэта ня ўрад тэхнакратаў, ня ўрад казнакрадаў, ня ўрад "моцных гаспадарнікаў". Гэта ўрад для людзей».

Хто на новенькага

Міністар фінансаў Ігар Уманскі (45 гадоў) — эканаміст і фінансіст зь вялікім досьведам. Больш за 20 гадоў працаваў у розных фінансавых установах краіны. З 2000 па 2003 гады займаў пасады ў міністэрствах эканомікі і фінансаў урадаў Віктара Юшчанкі, Анатоля Кінаха і першага ўраду Віктара Януковіча. Выконваў абавязкі міністра фінансаў ва ўрадзе Юліі Цімашэнкі. З 2014 году — першы намесьнік міністра фінансаў Натальлі Ярэські, з 2016-га — пазаштатны дарадца прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.

64-гадовы міністар аховы здароўя Ільля Емец — адзін з самых вядомых украінскіх дактароў, які першым ва Ўкраіне і на постсавецкай прасторы пачаў апэраваць немаўлят з складанымі хваробамі сэрца. Два гады (2010–2011) узначальваў Міністэрства аховы здароўя ва ўрадзе Міколы Азарава.

65-гадовы генэрал-лейтэнант у адстаўцы Андрэй Таран узначаліць Міністэрства абароны. На прэзыдэнцкіх выбарах ён ачольваў выбарчы штаб кандыдата на прэзыдэнта Ігара Сьмяшка. Да палітычнай дзейнасьці служыў першым намесьнікам вайскавода сухаземных войскаў Узброеных сілаў Украіны і прадстаўляў Украіну ў супольным цэнтры кантролю і каардынацыі спыненьня агню на Данбасе. З апошняй пасады яго звольнілі і завялі крымінальную справу аб дзяржаўнай здрадзе, але потым справу нібыта закрылі.

Хто застаўся

У новым складзе застануцца і некалькі міністраў зь мінулага ўраду, але некаторыя зь іх зьменяць профіль.

Палітычным доўгажыхаром застаецца міністар унутраных справаў Арсен Авакаў. Пасаду ён займае з 2014 году. У часы прэзыдэнцтва Віктара Юшчанкі ўзначальваў Харкаўскую абласную дзяржаўную адміністрацыю. Ад пачатку чутак аб адстаўцы Аляксея Ганчарука кандыдатура Арсена Авакава таксама называлася сярод імаверных будучых кіраўнікоў ураду.

Віцэ-прэм’ер у пытаньнях эўраінтэграцыі Дзьмітро Кулеба (38 гадоў) прызначаны міністрам замежных справаў. Ён быў адным з тых, хто падтрымаў мадэрнізацыю праграмы Ўсходняга партнэрства. На пасадзе віцэ-прэм’ера яго заменіць Вадзім Прыстайка, які працаваў ва ўрадзе Ганчарука міністрам замежных спраў.

Свае пазыцыі захаваў і 33-гадовы міністар інфраструктуры Ўладзіслаў Крыклій. Ён зьяўляецца адным з галоўных лабістаў аднаўленьня міжнароднага воднага шляху Е40.

Новы склад ураду падтрымала толькі фракцыя «Слуга народу». Усе іншыя — не галасавалі, а фракцыя партыі Сьвятаслава Вакарчука «Голас» наагул пакінула залю парлямэнту на знак пратэсту — на іх думку, праўладная большасьць фармуе новы «ўрад Януковіча».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG