Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз не прызнае расейскіх пашпартоў, выдадзеных жыхарам акупаванага Крыму


©Shutterstock

Эўрапэйскі зьвяз не прызнае расейскіх пашпартоў, якія акупацыйная ўлада выдае жыхарам Крыму, і заклікае гэта зрабіць усіх чальцоў АБСЭ. Пра гэта гаворыцца ў заяве Эўразьвязу на пасяджэньні Пастаяннай рады АБСЭ ў Вене, паведамляе «Ўкрінформ».

«Мы заклапочаныя палітыкай увядзеньня расейскага грамадзянства на акупаваным паўвостраве, а таксама незаконнай экспрапрыяцыяй украінскіх актываў. Эўразьвяз нагадвае пра сваю пазыцыю непрызнаньня расейскіх пашпартоў, выдадзеных жыхарам акупаванага паўвострава пасьля яго анэксіі, і заклікае іншыя краіны дзейнічаць гэтаксама», — гаворыцца ў дакумэнце.

Эўразьвяз нагадаў, што «выбары», якія акупацыйная ўлада праводзіла ў Крыме ў верасьні мінулага году, былі яшчэ адным прыкладам парушэньня Расеяй сувэрэнітэту Ўкраіны.

Летась былы спэцпрадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША па Ўкраіне Курт Волкер паведаміў, што ЗША ня будуць прызнаваць расейскіх пашпартоў, выдадзеных на непадкантрольных Украіне частках Данбасу і акупаваным Расеяй Крыме.

У 2014 годзе Расея пачала масава выдаваць пашпарты на тэрыторыі анэксаванага паўвострава. Расейскія пашпарты, выдадзеныя ў Крыме, не прызнаюць ні Кіеў, ні Захад.

У красавіку мінулага году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выдаў указ, згодна зь якім жыхары кантраляванага Расеяй усходу Ўкраіны і анэксаванага Крыму змогуць атрымаць расейскае грамадзянства ў спрошчаным парадку. Гэтае рашэньне рэзка крытыкавалася Ўкраінай і яе заходнімі саюзьнікамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG