Лукашэнка сказаў пераліць яго кроў «усім апазыцыянэрам па кроплі»
«Ведаеш, я пра што падумаў: ты ж мяне ў гэты залаты фонд зараз запішаш, калі здаюць кроў, плязму робяць там і потым лечаць людзей, — перадае БелТА словы Аляксандра Лукашэнкі, адрасаваныя міністру аховы здароўя Ўладзімеру Караніку. — Я буду здаваць кроў, ты вазьмі гэтую плязму, увядзі ўсім апазыцыянэрам па кроплі. Самы просты шлях павярнуць іх у бок дзяржавы, ну і ў мой бок. Таму я гэта публічна кажу, каб усе апазыцыянэры па кроплі крыві атрымалі. Яны не адмовяцца».
Лукашэнка дадаў, што гэта «такі паўжарт-паўпраўда».
На момант публікацыі чалавецтва ня ведае лекаў ад COVID-19, як і вакцынаў ад вірусу SARS-CoV-2 — ёсьць толькі шэраг экспэрымэнтальных сродкаў і патэнцыйных вакцынаў, якія праходзяць выпрабаваньні. Да экспэрымэнтальных сродкаў адносяць і пераліваньне плязмы, але пакуль экспэрымэнты і дасьледаваньні не паказваюць эфэктыўнасьці мэтаду.
Паводле беларускага закону «Аб донарстве крыві і яе кампанэнтаў», абавязковай умовай пераліваньня крыві і яе кампанэнтаў рэцыпіенту ёсьць наяўнасьць папярэдняй пісьмовай згоды рэцыпіента на пераліваньне.
124 новыя выпадкі і 2 прызнаныя сьмерці. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 8 жніўня
Паводле Міністэрства здароўя, на 8 жніўня ў Беларусі:
- агулам 68 738 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 585 памерлі; з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 64 744 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 124 выпадкі і прызналі яшчэ 2 сьмерці (апошні раз так мала сьмерцяў прызнавалі за дзень 3 траўня, да сёньня чатыры дні запар прызнавалі па 3 сьмерці), а выпісалі 544 чалавекі;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» — 3409; іх стала менш на 422 за дзень;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 363 011 тэстаў, 9354 тэсты за дзень (роўна такая самая колькасьць тэстаў была днём раней, колькасьць тэстаў на дзень супала ў пасьлядоўныя дні ўпершыню з пачатку эпідэміі), зь якіх станоўчы вынік далі 1,33%;
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.
Гэтым лічбам выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі, лічбы зьдзіўляюць знаёмых з законамі матэматычнай статыстыкі.
112 новых выпадкаў і 2 прызнаныя сьмерці. Афіцыйная статыстыка COVID-19 у Беларусі на 9 жніўня
Паводле Міністэрства здароўя, на 9 жніўня ў Беларусі:
- агулам 68 850 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць тыя, хто паправіўся і хто памёр);
- 587 памерлі; з памерлых усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, што гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 64 935 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 112 выпадкаў і прызналі яшчэ 2 сьмерці, а выпісалі 191 чалавека;
- такім чынам, колькасьць «актыўных выпадкаў» — 3328; іх стала менш на 81 за дзень;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 1 372 691 тэст, 9680 тэстаў за дзень (да таго два дні запар паведамлялі пра 9354 тэсты за дзень), зь якіх станоўчы вынік далі 1,16%;
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляюць.
Гэтым лічбам выказваюць недавер валянтэры і некаторыя мэдыкі, лічбы зьдзіўляюць знаёмых з законамі матэматычнай статыстыкі.
У беларускай амбасадзе ў Празе здарыўся інцыдэнт, які прыпыніў галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах
У беларускай амбасадзе ў Празе падчас галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня здарыўся інцыдэнт, празь які амбасада на нейкі час прыпыніла пропуск людзей у сярэдзіну.
Распавядае Алена Ціхановіч, супрацоўніца беларускай рэдакцыі Свабоды, якая пайшла на галасаваньне ў беларускую дыпляматычную місію ў Празе:
«Чарга ў беларускую амбасаду ў Празе вельмі доўгая, у гэты момант, калі мы размаўляем, сабралася каля 300 чалавек. Але прапускная здольнасьць амбасады вельмі малая. Калі ўлічыць, што на кожнага чалавека патрэбна больш-менш 5 хвілін, то за гадзіну праходзяць 12–15 чалавек. Ня так даўно мы пачулі нейкія крыкі і галасы з будовы амбасады, Аказалася, што хтосьці, насуперак распараджэньням, пранёс тэлефон і зрабіў здымак свайго бюлетэню. Пасьля гэтага адбыўся інцыдэнт з аховай, чалавека выставілі, і ўся чарга, якая стаіць тут пад сонцам, была пакараная тым, што часова пропуск увогуле прыпыніўся. Ня ведаю, колькі гэта было хвілін, пятнаццаць ці дваццаць, але проста нікога ня бралі, чарга затармазілася».
Алена Ціхановіч адзначыла яшчэ адну справу, зьвязаную з галасаваньнем у амбасадзе ў Празе:
«Людзі, якія адтуль выходзяць, расказваюць пра яшчэ адзін момант. Кажуць, што шчыліна ў гэтую скрынку для бюлетэняў настолькі вузкая, што калі вы склалі свой бюлетэнь гармонікам, вы ня можаце яго прасунуць».