Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра клясыка беларускага мастацтва Міхася Сеўрука, якога не прызнавалі савецкія ўлады


Міхась Сяўрук. Аўтапартрэт, 1938 год

27 лютага спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэньня славутага беларускага мастака і графіка Міхася Сеўрука. Свабода публікуе 10 цікавых фактаў пра яго.

Міхась Сеўрук (1905–1979) атрымаў грунтоўную адукацыю ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя, дзе з аднолькавым посьпехам займаўся скульптурай, жывапісам і графікай. Натхняўся француcкім клясыцызмам (Пусэн, Лярэн) і постыімпрэсіяністамі (Сэзан, Гаген), вельмі любіў беларускую народную скульптуру.

Ён працаваў у палітычна неспакойны час, але яго творы заўсёды вылучаліся падкрэсьленым спакоем, суладзьдзем формы, лініі і колеру. Героі палотнаў і графічных лістоў — зазвычай простыя сяляне. Яны нікуды не сьпяшаюцца, нібы застылі па-за часам — як у раі.

Непрызнаны савецкай уладай, мастак і беларускі патрыёт пазьбягаў сталічнага шуму і тлуму. Поль Гаген ад крыклівай цывілізацыі ўцякаў на вастравы Акіяніі, Поль Сэзан напрыканцы жыцьця не пакідаў Экс, а Міхась Сеўрук з 1939-га назаўсёды застаўся ў Нясьвіжы.

1. Апісваў Вільню як ідэальны, казачны горад

Мастак згадваў: «Вільня 1920–1930-х гадоў — гэта горад, поўны рамантызму, горад барока, 39 касьцёлаў, са старым унівэрсытэтам, са студэнтамі, што дыскутуюць, хвалююцца і пратэстуюць, культурны цэнтар, разьмешчаны паміж гор, зь якіх ва ўсе бакі раскрываецца цудоўная панарама горада. Лініі барочных сылюэтаў і карнізаў дакладна ўразаюцца ў неба, вуліцы то расшыраюцца, то звужаюцца, а ў вячэрнім смарагдавым небе гараць, як каштоўныя камяні, зоркі, паветра напоўнена музыкай, якая даносіцца зь дзьвярэй маленькіх бараў. Гэта горад-казка, гэта горад, у якім чалавеку добра, нічога ня цісне, прапорцыі будынкаў да цела чалавека вельмі ўдала вытрыманы, і таму ў горадзе ўтульна» (З успамінаў Сеўрука // Звязда, 14.07.2015).

Дамініканскі касьцёл у Вільні. 1937
Дамініканскі касьцёл у Вільні. 1937

2 Яго настаўнікам быў Фэрдынанд Рушчыц

Сеўрук успамінаў пра свайго настаўніка, вялікага беларуска-польскага жывапісца Фэрдынанда Рушчыца.

«Калі я прывёз з канікулаў досыць шмат этудаў, пэйзажнага характару, то зрабілі выставу маіх прац на калідоры. Глядзеў яе Рушчыц і зрабіў заўвагі адносна аднаго пэйзажа, на якім былі намаляваныя пералескі. Ён сказаў: „Пэйзаж ёсьць, але ня пахне зайцам. Вы мяне разумееце?“ І тады паціснуў мне руку і сказаў, што спадзяецца, што зь мяне будзе добры пэйзажыст» (З успамінаў Сеўрука // Звязда, 14.07.2015).

Вёска ў поўдзень
Вёска ў поўдзень

3. Лічыў, што маляваць з натуры шкодна

«У карцінах і гравюрах я мала карыстаўся натурай, толькі рабіў на ёй праверку ўжо зробленага. Натура — я пераканаўся ў гэтым — адразу ж убірае кампазыцыю, пачынаеш „ахалоджвацца“ да сваёй працы. Прападае прыгожая лінія, і атрымліваецца зусім ня тое, што задумаў» (Шматаў В. Міхаіл Сеўрук. Менск, 1980).

Новая хата. 1967
Новая хата. 1967

4. Мог ажаніцца з дачкой віленскага бурмістра, але тая памерла пры загадкавых абставінах

«Напрыканцы 30-х гадоў Вытворчы каапэратыў віленскіх мастакоў замовіў яму партрэт бургамістра горада Каліеўскага. Тады ж запазнаўся і зь ягонай дачкой. Рамантычныя стасункі ўпэўнена кіравалі маладых да вясельля, але ў 1938 годзе яна раптоўна захварэла невядомай хваробай і праз два тыдні памерла. Застаўся толькі ўспамін пра каханьне, адзінае на ўсё жыцьцё...» (Гвазьдзёў С. Міхаіл Сеўрук: Мастак з Божай міласьці. Менск, 2015).

Паводле мастацтвазнаўцы Тацяны Гаранскай, другім яго моцным каханьнем была мастачка Ядвіга Радзялоўская, якой «рабіў прапанову ажаніцца, але Радзялоўская захавала вернасьць памерламу мужу... Пасьля сьмерці Сеўрука Радзялоўская была ў складзе мэмарыяльнай камісіі ад Беларускага саюзу мастакоў, езьдзіла з мастакамі ў Нясьвіж, каб спарадкаваць спадчыну мастака...»

5. Меў «пры Польшчы» вельмі добрыя ганарары

У Сеўрука ў 1930-я гг. былі «...вельмі неблагія замовы на росьпісы касьцёлаў... Ён, будучы галоўным мастаком міжнароднай гандлёва-прамысловай выставы ў Вільні, з атрыманага ганарару закаціў... сапраўднае сьвята з фаервэркам падарункаў для блізкіх і знаёмых...» (Гвазьдзёў С., 2015).

6. Яго славутае «Жніво» ўратаваў мастак Пётра Сергіевіч

Жніво. 1937
Жніво. 1937

Гэтае палатно, напісанае пад уплывам клясыцыста Нікаля Пусэна, стала першым творам, які зрабіў Сеўруку імя. У 1937 годзе карціну набыў віленскі Музэй імя Івана Луцкевіча, дзе яна вісела падчас Другой усясьветнай вайны.

«На зыходзе вайны акупацыйныя ўлады намагаліся эвакуаваць экспанаты музэю Івана Луцкевіча ў Рэйх. Рэчы былі запакаваныя. У музэй... зьявіўся знаёмы ахове П. Сергіевіч. Не адзін. Зь пяцьцю фурманкамі. Не надзелены ад прыроды волатаўскай стацьцю Ўсяслава Чарадзея, ён меў рашучы дух і прыродную кемлівасьць. Пастроіў ва „фрунт“ ахову і пераказаў „загад начальства — тэрмінова забясьпечыць пагрузку экспанатаў!“ „Эвакуатары“ зьніклі гэтак жа раптоўна, як і зьявіліся» (Гвазьдзёў С. Абрысы юнацтва (Мастак Міхась Сеўрук). / Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі. Менск, 2013).

7. Пасьля вайны быў адзіным на Беларусі мастаком, які рэзаў гравюры на дрэве

«Цяжка прыгадаць іншага беларускага жывапісца, які б з аднолькавым посьпехам пісаў акварэльлю, займаўся дрэварытам, афортам, медзярытам, кніжнай графікай і, канечне ж, малюнкам. Усе гэтыя творы шырока прадстаўленыя на выстаўцы. Дзякуючы ім стала вядома, што Сяўрук на пачатку 50-х гадоў адзіны ў Беларусі рэзаў гравюры на дрэве». (Шматаў В. Маштабнасьць таленту // Літаратура і мастацтва. № 13, 1980).

8. Савецкая крытыка папракала мастака за бесьсюжэтнасьць

На сенажаці. 1953
На сенажаці. 1953

«У карціне М. Сеўрука „На сенажаці“... дасканала напісана кожная дэталь... З пазнавальнага боку ў карціне ўсё напісана правільна. А сюжэту няма. Пошук сюжэту заўсёды складае асноўную частку творчых намаганьняў мастака» (Герасімовіч А. Літаратура і мастацтва. 26 лістапада 1955).

9. Адмаўляўся выстаўляцца ў Менску

«Міхась Канстанцінавіч быў пра сябе сьціплай думкі. „Раблю звычайную сваю справу“, — казаў ён. І калі зрэдку здараліся прапановы паказаць работы ў Менску, мастак, як правіла, прапускаў такую магчымасьць. „Усё ў мяне простае, нічога такога“, — шчыра гаварыў пры гэтым. Пераканаць яго было цяжка...» (Дранчук В. Жыў у Нясьвіжы мастак // Звязда. 6.06.1981).

Першая пэрсанальная выстава Міхася Сеўрука адбылася ў Менску праз год пасьля яго пахаваньня.

10. «Больш значны для Нясьвіжа, чым палац Радзівілаў»

Паводле мастака, калекцыянэра і захавальніка творчай спадчыны мастакоў Заходняй Беларусі Ігара Бархаткова, Сеўрук больш значны для Нясьвіжа, чым палац Радзівілаў.

«Таму што тут, у Сеўрука (у яго Нясьвіскім музэі-кватэры. — РС) — арыгіналы, прычым самага высокага — эўрапейскага і ўсясьветнага — узроўню, вышыня гэтай школы, рэдкаснае бачаньне сьвету. Ён не падобны на іншых мастакоў. У Менску — іншая, клясычная, школа, таму творчасьць Сеўрука не разумелі, яго не прымалі на выставы. А цяперашняе пакаленьне мастакоў, вучні маскоўскай і пецярбурскай школ, нямецкія калекцыянэры, якім я паказваў малюнкі Сеўрука — яны былі ў захапленьні!» (Праль-Гуль Т. Творчасьць Міхася Сеўрука // Нясвіжскія навіны. 16.03.2013).

Трывожная восень. 1973
Трывожная восень. 1973

Аўтар выказвае падзяку вядучаму навуковаму супрацоўніку Нацыянальнага мастацкага музэю Вользе Архіпавай і мастацтвазнаўцы Тацяне Гаранскай за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.

  • 16x9 Image

    Васіль Дэ Эм

    Васіль Дэ Эм (Васіль Дранько-Майсюк) — драматург, актор, дзіцячы пэдагог, мастак. Нарадзіўся ў мястэчку Давыд-Гарадок. Скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў (рэжысура драмы). 

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG