Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму фэномэн Марыі Васілевіч можна і трэба крытыкаваць


Дэпутатка Марыя Васілевіч
Дэпутатка Марыя Васілевіч

Часам здаецца, што многія ў Беларусі ўжо адвучыліся абурацца з прычыны дэманстратыўных парушэньняў закону, дый проста відавочнай нахабнай карупцыі з боку кіроўнай эліты.

Дзяржава будуе і ўтрымлівае для прэзыдэнта за дзяржаўны кошт незразумелую (і, відавочна, не патрэбную для ягоных службовых абавязкаў) колькасьць рэзыдэнцый — а народ толькі сьмяецца.

Дзяржава купляе прэзыдэнту самалёт Туркмэнбашы з залатой сантэхнікай (навошта?) — народ проста сьмяецца.

Аляксандар Лукашэнка кажа, што аднекуль атрымаў аўтамабіль Tesla — народ сьмяецца, замест таго, каб задаваць жорсткія пытаньні. Дый навошта іх задаваць? Зразумела, што прэзыдэнту тую машыну, напэўна, падарыў якісь расейскі ці беларускі алігарх, а самалёт яму патрэбен, каб адчуваць сябе султанам. І зразумела, што гэта выглядае як хрэстаматыйныя прыклады карупцыі і злоўжываньня, якія ў любой іншай краіне Эўропы прывялі б да скандалу і адставак. Але не ў цяперашняй Беларусі.

Жартаваць, замест таго, каб абурацца — бадай, адзіны спосаб захаваць псыхіку, жывучы ўжо чвэрць стагодзьдзя ў краіне з жорсткім аўтарытарным рэжымам без надзеі на перамены.

Наступная пасьля сьмеху стадыя — гэта «а можа, так і трэба?»

Ці «а давайце пашкадуем „міс Беларусь“ Марыю Васілевіч, якая жыве ў раскошы і дзеля чыйгосьці капрызу — свайго ці самі-ведаеце-чыйго — стала дэпутаткай парлямэнту і цяпер будзе пісаць нам законы».

Ці «а можа, давайце апішам яе сытуацыю, не спасылаючыся на ганебны кантэкст», ня згадваючы Ірыны Абельскай, Ірыны Дарафеевай, Марты Голубевай, Крысьціны Няверы і астатніх вядомых і ня вельмі вядомых імёнаў зь сюжэту, які калісьці будзе падрабязна апісаны журналістамі, гісторыкамі, а магчыма, і сьледчымі.

Марыя Васілевіч — дарослы, сьвядомы і адукаваны чалавек, здольны несьці адказнасьць за сваё жыцьцё і свае ўчынкі. Статус публічнага палітыка пагатоў накладае абавязак быць аб’ектам крытыкі, часам жорсткай.

Васілевіч, відавочна, зьяўляецца альбо саўдзельніцай, альбо як мінімум бэнэфіцыярам усяго таго, што зьвязана зь цяперашнім аўтарытарным рэжымам. Яна ў любы момант можа адмовіцца ад атрыманага дэпутацкага мандата, пакінуць публічнае жыцьцё, зьехаць з краіны. Але яна гэтага ня робіць і пазыцыянуе сябе як частку рэжыму.

Сваёй «гісторыяй посьпеху», сваім публічным прыкладам Васілевіч падыгрывае і беззаконьню, і агіднаму пячорнаму сэксізму ў беларускім грамадзтве. І таму яна — як палітык, публічная фігура і фэномэн — заслугоўвае ўсяго таго, што атрымлівае ў інфармацыйным полі ад жыхароў сваёй беднай недэмакратычнай краіны.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG