Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму я баюся за Марыю Васілевіч


Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч

Аказваецца, гісторыю можна перапісаць такім чынам, што пераможца конкурсу прыгажосьці і дэпутатка Марыя Васілевіч акажацца сапраўднай «сэлф-мэйд» жанчынай, якой давялося перажыць шмат цкаваньня праз зайздрасьць навакольных.

Я падкрэсьлю адразу: ні на грам не зьбіраюся апраўдваць цкаваньне. Самасьцьвярджэньне соцень, калі ня тысяч людзей за кошт Васілевіч выглядала і працягвае выглядаць агідна. Але ці ў зайздрасьці справа?

Зайздросьціць Марыі могуць хіба тыя, хто марыць жыць у рабстве, але ж наўрад ці такіх людзей шмат. Яна — зручны аб’ект для каналізацыі ўсёй той агрэсіі, якая накопліваецца ў людзей у адрас уладаў. Уся гэтая нянавісьць выліваецца на яе, бо яна маладая жанчына, якая публічна сымпатызуе ўладам і атрымлівае за гэта «плюшкі». Той жа Ігар Марзалюк, які адкрыта выслужваецца Лукашэнку і мае куды большы за Васілевіч фактычны ўплыў, не атрымлівае такой колькасьці публічных зьняваг.

Увогуле, народная злосьць у гісторыі з Марыяй Васілевіч мусіць быць накіравана на самога Аляксандра Лукашэнку, але па традыцыі ў (хай і гіпатэтычнай) пары ганьбіць заўжды будуць не старэйшага мужчыну, а маладзейшую жанчыну. А тут сытуацыя ўскладняецца тым, што ў якасьці «плюшак» Марыі дастаюцца не клясычныя дарагія падарункі, а месца ў Палаце прадстаўнікоў.

Асабліва экстравагантна на фоне гэтых абставінаў выглядае ідэя, што Марыі зайздросьцяць, бо яна — прыклад таго, як жанчыны могуць самі ўсяго дасягнуць. Ды няўжо ж? Гісторыя Васілевіч — гэта клясыка жанру, калі старэйшы і вельмі статусны мужчына прызначае сабе фаварытку і перакройвае яе жыцьцё, як хоча. Яна пры гэтым ня можа яму ні ў чым адмовіць і, магчыма, нейкі час нават насалоджваецца гэтым становішчам. Праўда, як ва ўсіх людзей, што аказваюцца ў сытуацыі моцнай залежнасьці ад іншага чалавека, радасьць ад такой расстаноўкі сілаў праз нейкі час зьнікае.

Вам магло б калі-небудзь прыйсьці да галавы пазайздросьціць юнай дзяўчыне ў бандзе крымінальнага аўтарытэта? Сытуацыя з Марыяй Васілевіч — такая ж самая. Зайздросьціць ёй можна было б толькі ў тым выпадку, калі б яна зьехала зь Беларусі і заставалася пасьпяховай у сапраўднай незалежнасьці ад Лукашэнкі.

Пакуль што яна цалкам залежыць ад яго і, я ўпэўнена, цудоўна разумее, што ёй трэба «паводзіць сябе правільна». Так што няма тут ніякай гісторыі жаночай эмансыпацыі, а ёсьць прыклад, як старэйшы статусны мужчына выкарыстоўвае юную і канвэнцыйна прыгожую жанчыну ў якасьці аксэсуара. Пакуль яна радуе яго вочы і пакуль не знойдзецца новы аб’ект, зь ёй усё будзе добра. Кар’ера будзе квітнець, а яе заканадаўчыя ініцыятывы, магчыма, нават будуць асабліва ўважліва разглядацца.

Праўда, ад самой Васілевіч у гэтай сытуацыі не залежыць амаль нічога. І няважна нават, якія ініцыятывы яна будзе прасоўваць як дэпутатка — яе рашэньні не будуць успрымацца як незалежныя. І вось гэтая поўная марыянэтачнасьць — самае страшнае ва ўсёй гісторыі.

А мы можам хіба што парадавацца, што самім не даводзілася аказацца ў такой сытуацыі. Стаць фаварыткай асобы ўзроўню прэзыдэнта — гэта сапраўдная катастрофа, з якой нельга выйсьці без сур’ёзных стратаў. І гэта, напэўна, добрая навіна для ўсіх ненавісьнікаў Васілевіч.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG