Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта скульптура ў прыватным двары». Хто дазволіў паставіць помнік сэрбскаму бізнэсоўцу ў Менску?


Помнік заснавальніку Dana Holdings Срэтэну Карычу ў Менску
Помнік заснавальніку Dana Holdings Срэтэну Карычу ў Менску

У Міністэрстве культуры і ва ўпраўленьні культуры Менгарвыканкаму паведамілі, што не давалі дазволу нставіць помнік сэрбскаму бізнэсоўцу Срэтэну Карычу на вуліцы Стэфаніі Станюты ў Менску.

У Міністэрстве сказалі, што «ніякіх рашэньняў на гэты конт не прымалі і ў такім выпадку не патрабавалася ўзгадненьне з Міністэрствам культуры». Паводле ўпраўленьня культуры, «гэтае пытаньне ў Менгарывканкаме не разглядалася». Помнік Срэтэну Карычу, заснавальніку Dana Holdings паставілі ў катэджным пасёлку на вуліцы Стэфаніі Станюты, уваход на якую звычайным грамадзянам забаронены.

«Я проста ў шоку»

Аўтар скульптуры Яраслаў Філіповіч сказаў, што гэтая скульптура пастаўлена за ўласныя грошы заказчыка на тэрыторыі, якая належыць прыватнай асобе. Ён выказаўся пра нэгатыўную рэакцыю ў сеціве на ўсталяваньне скульптуры.

«Я наогул не разумею прэцэдэнту, што каму і чаму не падабаецца. Калі я пастаўлю ў сябе ў агародзе садовага гноміка і нейкаму мінаку не спадабаецца, скажа, чаму ён чырвоны, а не зялёны, прыбяры яго, вам не здаецца гэта дзіўным? Гэта скульптура ў прыватным двары».

Яраслаў Філіповіч сказаў, што гэта была прыватная замова, дэталі якой ён ня можа раскрываць.

«Былі пажаданьні заказчыка. Я пазнаёміўся зь біяграфіяй, сваякамі, улічыў іх пажаданьні і стварыў вобраз. Выява з распасьцёртымі абдымкамі, ён быў душа-чалавек і гэта было пажаданьне заказчыка, нібыта ён сустракае сваякоў».

Паводле аўтара, яму вельмі непрыемна тое, што адбываецца вакол усталяваньня скульптуры.

«Я проста ў шоку», — кажа Яраслаў Філіповіч.

Ён кажа, што ня супраць таго, каб у Менску паставілі помнікі Стэфаніі Станюце, Васілю Быкаву і іншым знакамітасьцям.

«А гэта ж прасьцей за ўсё напісаць недзе ў фэйсбуку, што скульптуру трэба прыбраць. Калі хочаце паставіць побач помнік Стэфаніі Станюце, пастаўце, хто ж вам перашкаджае. Але ж гэта трэба напружвацца, шукаць грошы. Прасьцей сядзець на канапе і падымаць нейкую хвалю».

На відэа выглядае, што помнік Срэтэну Карычу стаіць не ў двары, а менавіта на вуліцы.

На платформе petitions.by працягваецца збор подпісаў пад пэтыцыяй у Менгарывканкам з просьбай патлумачыць, кім ініцыявана ўстаноўка «дадзенага твора манумэнтальнага мастацтва» і прывесьці абгрунтаваньне неабходнасьці яго ўстаноўкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG