Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму расьце даляр і калі гэта скончыцца. Тлумачым з экспэртам


2 рублі 22 капейкі — такі курс даляра вызначаны Нацбанкам Беларусі на 26 лютага. З пачатку году даляр вырас на 5,5%. Разьбіраемся, чаму курс расьце і калі спыніцца.

На курсе даляра ў Беларусі цяпер адбіваюцца адразу дзьве тэндэнцыі: даляр даражэе ва ўсім сьвеце, а беларускі рубель тым часам таньнее.

Чаму расьце даляр

Першая тэндэнцыя ніяк не зьвязаная зь беларускай эканомікай — даляр расьце па ўсім сьвеце, у тым ліку з прычыны панікі ад каранавірусу, які «вырваўся за межы Кітаю, ужо ў Іране, Карэі і Італіі».

Паводле Вадзіма Іосуба, агулам валютны кошык вырас на 2,5% з пачатку году, а даляр пры гэтым вырас на 5,5%. То бок 3% у гэтым падаражэньні — «усясьветныя, а не беларускія праблемы».

На другую тэндэнцыю ўплываюць праблемы з пастаўкамі нафты і з экспартам калійных угнаеньняў, а таксама рост даходаў беларусаў. На гэта зьвяртае ўвагу старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

«Гэта комплекс фактараў зьнешніх і ўнутраных. Да падзеньня беларускага рубля прывялі ня толькі праблемы з нафтай. Быў рост даходаў людзей з канца мінулага году. У сьнежні мінулага году і студзені гэтага насельніцтва ператварылася з прадаўца валюты ў яе чыстага пакупніка», — мяркуе Вадзім Іосуб.

Калі рост даляра спыніцца

На рост беларускага рубля можа паўплываць вырашэньне нафтавых праблем, і тады ён часткова стабілізуецца ці нават вырасьце. Але на ўсясьветныя тэндэнцыі Беларусь паўплываць ня можа.

«Калі ў сьвеце каранавірус возьмуць пад кантроль, калі спыніцца паніка, калі дамоўленасьці па нафце выльюцца ў канкрэтныя кантракты — тады сытуацыя зьменіцца. Але калі гэта адбудзецца, спрагназаваць цяпер немагчыма», — падсумоўвае Вадзім Іосуб.

Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук прагназуе большае падзеньне рубля, бо сёлета ў Беларусі выбары прэзыдэнта, а значыць, заробкі людзям будуць падымаць.

«У студзені грашовая маса скарацілася, але супраць Нацбанку выходзяць і сілавікі, і сельскагаспадарчы сэктар, і прамыслоўцы, і ўрад. Відавочна, што ільготы і грошы ад дзяржавы ідуць на падтрыманьне вэртыкалі. Учора зноў падпісалі чарговыя дакумэнты на льготы», — кажа Яраслаў Раманчук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG