Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр маршал Язаў, які ўвёў танкі ў Маскву ў 1991 годзе


Дзьмітрый Язаў, 1987 год
Дзьмітрый Язаў, 1987 год

На 96-м годзе жыцьця 25 лютага ў Маскве памёр маршал Савецкага Саюзу Дзьмітрый Язаў, піша «РИА Новости» са спасылкай на Міністэрства абароны Расеі.

Язаў быў апошнім вайскоўцам, якому ў Савецкім Саюзе далі званьне маршала. Ад траўня 1987 году да жніўня 1991-га займаў пасаду міністра абароны СССР, на якую быў прызначаны пасьля звальненьня папярэдніка праз палёт Маціяса Руста.

У 1991 годзе Язаў далучыўся да ГКЧП — самаабвешчанага органа савецкіх кансэрватараў, якія выступалі супраць «перабудовы» і ідэі абнаўленьня саюзнай дамовы прэзыдэнта СССР Міхаіла Гарбачова і дзеяньняў прыхільнікаў прэзыдэнта РСФСР Барыса Ельцына.

Менавіта на загад Язава ў Маскву былі ўведзеня танкі і цяжкая тэхніка, ён жа аддаў загад аб вывядзеньні войскаў. Таксама ён накіроўваў прадстаўнікоў Мінабароны ў Ленінград, Кіраваград, Коўну, Рыгу і Ташкент. Літва вінаваціць яго ў арганізацыі падзеяў студзеня 1991 году — гвалтоўнай спробы вярнуць Літву ў склад СССР, празь якую загінулі 15 чалавек.

Язаў быў арыштаваны пасьля таго, як езьдзіў у Фарос да «ізаляванага» там Гарбачова. Пасьля ён казаў, што шкадаваў аб удзеле ў «гэтай авантуры» і прасіў прабачэньня ў Гарбачова. За кратамі ён правёў амаль 500 дзён, быў вызвалены разам зь іншымі чальцамі ГКЧП у 1993-м, амніставаны ў 1994-м.

У 2019-м быў завочна асуджаны ў Літве на 10 гадоў турмы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG