Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Споўнілася 30 гадоў зь дня пасадкі самалёта Маціяса Руста ў цэнтры Масквы


Маціяс Руст у судзе, 1987 год
Маціяс Руст у судзе, 1987 год

У нядзелю, 28 траўня, споўнілася 30 гадоў зь дня пасадкі ў цэнтры Масквы, каля храма Васіля Блажэннага, лёгкага самалёта, кіраванага Маціясам Рустам. Нямецкаму пілёту-аматару было ў той час 19 гадоў.

Галоўнай сэнсацыяй гэтага пералёту з Гэльсінак у Маскву, ня ўзгодненага з савецкімі ўладамі, стала пераадоленьне савецкай сыстэмы супрацьпаветранай абароны і пасьпяховая пасадка ля сьцен Крамля.

Да гэтага часу, праз 30 гадоў гадоў, няма адзінага меркаваньня пра тое, ці зьяўляўся палёт Руста выхадкай юнака-адзіночкі, старанна прадуманай апэрацыяй спэцслужбаў або маркетынгавым ходам.

Руст жа ад самага пачатку і праз шмат гадоў сьцьвярджаў, што гэта была місія міру. Натхнёны пацяпленьнем у адносінах паміж Захадам і Ўсходам, канкрэтна нядаўняй сустрэчай Міхаіла Гарбачова і Рональда Рэйгана ў Рэйкʼявіку, малады чалавек вырашыў пабудаваць «паветраны мост», прыляцеўшы ў самы цэнтар «імпэрыі зла».

2 верасьня 1987 году пачаўся суд над Рустам, ён быў абвінавачаны ў хуліганстве, парушэньні авіяцыйнага заканадаўства і незаконным перасячэньні савецкай мяжы. 4 верасьня Руста прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўленьня волі. 3 жніўня 1988 году ён вярнуўся ў ФРГ пасьля ўказу аб амністыі, падпісанага савецкім кіраўніцтвам. Руст правёў у папярэднім зьняволеньні і турме ў агульнай колькасьці 432 дня.

Прэзыдэнт СССР, Михаіл Гарбачоў, вызваліў ад пасадаў міністра абароны і камандуючага СПА. Былі і іншыя кадравыя зьмены, супастаўныя, як лічаць амэрыканскія вайсковыя спэцыялісты, са сталінскімі чысткамі ва ўзброеных сілах.

5 гадоў таму ў Беларусі адбыўся інцыдэнт, параўнальны з палётам Маціяса Руста: так званы «плюшавы дэсант». У 2012 годзе, калі ў Беларусі адзначалі Дзень незалежнасьці, двое швэдзкіх пілётаў, супрацоўнікаў піяр-агенцтва Studio Total, на аднаматорным самалёце праніклі праз тэрыторыю Літвы ў Беларусь, скінулі над Івянцом і над ускраінай Менску плюшавыя цацкі з заклікам шанаваць правы чалавека, а пазьней вярнуліся назад. У выніку Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасадаў двух генэралаў: старшыню Памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага ВПС і войскам СПА узброеных сілаў Дзьмітрыя Пахмелкіна, супраць двух грамадзянаў Беларусі — Антона Сурапіна і Сяргея Башарымава — былі ўзбуджаныя крымінальныя справы, якія потым закрылі.

«Мы прынялі ў гэтым удзел, бо наша праца палягае на дапамозе кампаніям, якія хочуць зьвярнуць на сябе ўвагу ў СМІ. І грошы, якія мы зарабляем на такой дапамозе, мы выкарыстоўваем для таго, каб зьвярнуць увагу СМІ на пытаньні, якія мы лічым важнымі. А сытуацыя ў Беларусі зьяўляецца адным з такіх пытаньняў», — сказаў тады ў інтэрвію Свабодзе Томас Мазэці, пілёт, які 4 ліпеня 2012 году «высадзіў мядзьведжы дэсант» у Івянцы і ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG