Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат заявіў, што «Мінсктрансу» выгадна прадаваць талёнчыкі ў «Табакерках»


Шапік «Табакеркі» у Менску

Продаж талёнчыкаў праз «Табакеркі» дапаможа «Мінсктрансу» скараціць свае выдаткі, заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Камароўскі.

Што здарылася?

У беларускай сталіцы хочуць адмовіцца ад шапікаў «Мінсктрансу» на карысьць тэрміналаў для папаўненьня праязных і набыцьця талёнчыкаў. Мяркуецца, што такія тэрміналы зьявяцца на менскіх вуліцах у красавіку. Масавы вывад шапікаў пачнецца ў чэрвені.

Праз гэта талёны на праезд ужо пачалі прадаваць у «Табакерках», казаў дырэктар філіяла «Агенцтва Мінсктранс» Сяргей Ласіцкі.

Што сказаў дэпутат?

Камароўскі кажа, што ў шапіках «Мінсктрансу», акрамя папаўненьня праязных можна набыць цыгарэты і каву, каб акупіць выдаткі на ўтрыманьне шапікаў. Таму, каб аптымізаваць выдаткі, «Мінсктранс» можа вывесьці свае шапікі і перанесьці продаж квіткоў у «Табакеркі».

Хто стаіць за экспансіяй «Табакерак»​

У кастрычніку Tut.by са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміў, што кампанія «Энерга-Оіл», падкантрольная аднаму з найбагацейшых людзей Беларусі Аляксею Алексіну, створыць у краіне амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку 500 у Менску.

Паводле крыніц, выканкамы мусяць без аўкцыёну перадаць у арэнду інвэстару зямельныя ўчасткі для будаўніцтва і абслугоўваньня гандлёвых аб’ектаў.

Tut.by сьцьвярджае, што ў сьнежні мінулага году Лукашэнка даручыў Алексіну стварыць «адзіную тавараправодную сетку» для тытунёвай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках.

Сёлета ў Горадні ў арэнду «Энерга-Оіл» перайшлі кіёскі «Тытунь» Горадзенскай тытунёвай фабрыкі. Ад жніўня «Энерга-Оіл» — адзіны апэратар продажу вырабаў Горадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».

«Энэрга-Оіл» – другі імпартэр цыгарэт у Беларусь. Раней права ўвозіць цыгарэты ў краіну меў толькі «Беларусьгандаль» Упраўленьня справамі прэзыдэнта.

У рэйтынгу часопіса «Ежедневник» Аляксей Алексін займае 4-е месца сярод самых пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў. У ліку ягоных актываў — беларускія «Белнафтагаз» і «Энерга-Оіл» (займаецца ня толькі нафтай, але і гатэльным, банкаўскім і тытунёвым бізнэсам), літоўская Neonafta ды іншыя нафтавыя кампаніі, МТБанк, маладэчанская мясная кампанія «Вялес-Міт», шэраг аб’ектаў нерухомасьці, лягістычныя кампаніі ў Беларусі і гандлёвыя фірмы ў Латвіі ды іншае. Да 2012 году быў партнэрам Юрыя Чыжа.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG