Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркмэністан купіць у Вялікабрытаніі «вуглаваты» пясок на 1 мільён фунтаў


Туркмэністан закупіць у Вялікабрытаніі 10 тысяч тон пяску на 1 мільён фунтаў стэрлінгаў, паведамляе туркмэнская служба Радыё Свабода. Кантракт з Ашгабадам на пастаўку пакрыцьця для скакавых дарожак заключыла брытанская Andrew Bowen Limited.

Пра тое, што Ашгабад закупляе ў брытанскай кампаніі пакрыцьцё для скакавых дарожак на суму 1 мільён фунтаў стэрлінгаў, паведамілі на днях брытанскія СМІ. Журналісты не разумеюць, чаму Туркмэністан, 80% тэрыторыі якога займае пустыня Каракум, мае патрэбу ў закупцы пяску, адзначае Радыё Азатлык.

Кіраўнік кампаніі-пастаўшчыка патлумачыў, што пясок у Туркмэністане не падыходзіць для скакавых дарожак. «Пясчынкі там круглыя, а для скакавых дарожак неабходны вуглаваты пясок. Наша пакрыцьцё вельмі зручнае: і не занадта жорсткае, і не занадта мяккае, яно вельмі карыснае для здароўя коней», — распавёў кіраўнік брытанскай кампаніі.

Радыё Азатлык нагадвае, што ў 2013 годзе Гурбангулы Бэрдымухамэдаў упаў з каня на бегавой дарожцы. Аднак тады гэта ня сталі зьвязваць з якасьцю пакрыцьця скакавых дарожак.

Бэрдымухамэдаў у 2018 годзе зрабіў Дзень ахалтэкінскага скакуна нацыянальным сьвятам, ён адзначаецца ў апошнюю нядзелю красавіка. У Туркмэністане правы коней замацаваны законам, ім выдаецца пашпарт, у выпадку сьмерці іх хаваюць на спэцыяльна адведзеным дзяржавай могілках коней. Калі памірае конь, занесены ў дзяржрэестар, па законе ў апошні шлях жывёлу праводзяць дзяржаўныя чыноўнікі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG