Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Туркмэністану ўхваліў помнік сабаку


Мэр Ашгабату, сталіцы Туркмэністану, Шамухамэт Дурдылыеў прэзэнтаваў новы варыянт помніка сабаку пароды туркмэнскі алабай, «дапрацаваны ў адпаведнасьці з заўвагамі, зробленымі прэзыдэнтам». Пра гэта паведамляе афіцыйнае агенцтва навінаў «Хронікі Туркмэністану».

Помнік, згодна з праектам, будзе мець шырыню пастамэнту 36 мэтраў, а вышыню пастамэнту — 9 мэтраў. Сам сабака будзе вышынёй шэсьць мэтраў, а на пастамэнце залатымі літарамі будзе напісана: Turkmen Alabayy. Надпіс будзе выкананы тым жа шрыфтам і ў тых жа колерах, што і на вокладцы прэзыдэнцкай кнігі пра гэтага сабаку.

Прэзыдэнт Гурбангулы Бэрдымухамэдаў ужо ўхваліў новы варыянт помніка, падкрэсьлівае агенцтва.

Бэрдымухамэдаў дапісаў кнігу, прысьвечаную алабаям, у верасьні 2019 году. У кнізе, у прыватнасьці, быў верш, складзены кіраўніком Туркмэністану. Неўзабаве гэты верш паклалі на музыку, а песьню выканаў па тэлебачаньні вайсковы хор.

Помнік алабаю плянуюць усталяваць у Ашгабаце ў 2020 годзе.

Туркмэнскі алабай — разнавіднасьць сярэднеазіяцкай аўчаркі-ваўкадава: гэтая парода была выведзена чабанамі для аховы жывёлы абароны ад драпежнікаў. Гэта вялікі, магутны сабака вышынёй да 70 см у карку і вагой да 80 кг, з грубай і вельмі густой поўсьцю і падшэрсткам, што дазваляе сабаку пераносіць моцныя маразы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG