Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка лічыць, што Беларусь істотна пераплочвае за расейскі газ


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і кіраўнік "Газпрома" Аляксей Мілер

Аляксандар Лукашэнка мяркуе, што пры цяперашніх умовах на ўсясьветным рынку энэрганосьбітаў расейскі газ для Беларусі павінен каштаваць каля 90 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў.

Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з амбасадарам Беларусі ў Расеі Ўладзімерам Сямашкам, перадае БелТА.

«Сёньня ў Эўропе прыродны газ каштуе менш за 110 даляраў. Дык гэта там, на біржах. Значыць, у нас ён да 90 павінен быць, калі браць усясьветную цану. Так, ёсьць працяглыя, яшчэ нейкія кантракты. Але ж доўгатэрміновыя кантракты заўсёды прывязваюцца да цаны на нафту. І калі адбылося падзеньне цаны на нафту, значыць, і на прыродны газ. Таму 127 даляраў — ужо ў сьвеце такой цаны няма», — перакананы Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, беларуская пазыцыя па цэнах на нафту і газ «абсалютна праясьнілася», і менавіта ў гэтым кірунку трэба працаваць, сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да Сямашкі.

Цана расейскага газу для Беларусі ў 2020 годзе вызначаная ў памеры 127 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў як базавы варыянт. Гэта адзначаў першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Дзьмітры Круты, камэнтуючы вынікі перамоваў кіраўнікоў Расеі і Беларусі 7 лютага.

Што да цаны на расейскую нафту і аб’ёмы яе паставак у Беларусь, кантрактаў з расейскімі нафтавымі кампаніямі няма дагэтуль, пастаўкі на кароткатэрміновай аснове ажыцьцяўляюць толькі кампаніі, зьвязаныя зь бізнэсоўцам Міхаілам Гуцэрыевым.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG