Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйскі генштаб і «ўкраінцы ў Пскове»: што Пуцін распавёў пра Ўкраіну


Уладзімер Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін абвінаваціў невядомыя замежныя сілы ў тым, што яны перашкаджаюць супрацоўніцтву Расеі і Ўкраіны і імкнуцца «расьцягнуць» народы гэтых краін адзін ад аднаго. Пра гэта ён заявіў у другой сэрыі вялікага відэаінтэрвію ТАСС, якая была прысьвечаная Ўкраіне.

«Украінцы і рускія — адзін народ»

Пуцін казаў пераважна пра гісторыю расейска-ўкраінскіх узаемаадносінаў. Ён зноў выказаў тэзіс, што рускія і ўкраінцы гэта, па сутнасьці, адзін народ. Разьвіцьцё ва ўкраінцаў у мінулым нацыянальнай самасьвядомасьці ён зьвязаў зь дзейнасьцю Рэчы Паспалітай і аўстрыйскага генэральнага штаба.

Ён нагадаў, што яшчэ некалькі стагоддзяў назад «не было ніякай розьніцы ў мове».

«І толькі ў выніку палянізацыі той частцы украінцаў, якая жыла на тэрыторыі, якая знаходзілася пад уладай Рэчы Паспалітай, толькі дзесьці, па-мойму, у XVI стагодзьдзі зьявіліся першыя моўныя адрозьненьні», — дадаў Пуцін.

«Украінцамі называлі людзей, якія жылі на рубяжах расейскай дзяржавы, — сказаў Пуцін. — Украінцы былі ў Пскове, украінцамі называлі тых, хто абараняў з поўдня ад набегаў крымскага хана. На Ўрале. Вакол былі ўкраінцы».

Пра нацыяналізм

Пуцін таксама сказаў, што бацькі-заснавальнікі ўкраінскага нацыяналізму XIX стагодзьдзя выступалі за добрыя адносіны з Расеяй.

«Бацькі-заснавальнікі ўкраінскага нацыяналізму ніколі не казалі, што трэба абавязкова пасварыцца з Расеяй». - сказаў расейскі прэзыдэнт.

Пуцін адзначыў, што ў фундамэнтальных працах украінскіх нацыяналістаў ХIХ стагодзьдзя напісана, што Украіна зьяўляецца шматнацыянальнай, павінна быць фэдэратыўнай дзяржавай і трэба «выбудаваць абавязкова добрыя адносіны з Расеяй».

Пра царкву

Паводле Пуціна, Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) і да расколу была цалкам незалежнай ад Масквы.

«Самастойнасьць Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату на самай справе поўная, яна і да гэтага часу была поўная, у тым ліку з пункту гледжаньня абраньня герархаў», — Не, трэба было абавязкова разрэзаць па жывым, — дадаў Пуцін.

Пра канфлікт

Камэнтуючы цяперашні канфлікт Расеі і Ўкраіны, Пуцін заявіў, лідэры, «якія дабраліся да ўлады» ва Ўкраіне, перасьледавалі асабістыя інтарэсы. Паводле яго слоў, іх грошы ляжаць у замежных банках, такім чынам, яны працуюць не на карысьць Украіны, а на карысьць гэтых краін.

Па словах Пуціна, супрацоўніцтва Расеі і Ўкраіны нявыгаднае шэрагу краін, паколькі стварае ім глябальнага канкурэнта ў Эўропе і сьвеце. Прэзыдэнт ня стаў удакладняць, якія менавіта краіны не зацікаўленыя ў расейска-ўкраінскім, як выказаўся Пуцін, «аб’яднаньні».

Пра Зяленскага

Адказваючы на пытаньне, ці магчымыя дамоўленасьці з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім аб «міры і дружбе», Пуцін сказаў, што «надзея памірае апошняй». Ён адзначыў, што з Украінай нядаўна ўдалося дамовіцца аб абмене палоннымі і транзыце газу.

Пытаньняў пра Крым і вайну на Данбасе Пуціну не задавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG