Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадэлям дазволілі працаваць з 14 гадоў, абавязалі кампэнсаваць дзяржаве выдаткі на навучаньне


Belarus Fashion Week, 2018 год

Міністэрства працы Беларусі пастановай ад 20 студзеня пашырыла сьпіс відаў працы, якімі можа займацца моладзь ва ўзросьце ад 14 да 16 гадоў. Цяпер у сьпісе ёсьць мадэльны бізнэс.

Пункт сьпісу, які дадалі пастановай, сфармуляваны так:

«Удзел у мерапрыемствах мадэльнай дзейнасьці: кастынг, пазіраваньне, фота-, відэаздымка, дэфіле, прымерка, рэпэтыцыя, дэманстрацыя, перадпаказ і паказ адзеньня (прычосак, аксэсуараў і іншага), экспэрымэнты ў стварэньні новых мадэляў адзеньня (мадэляў прычосак, аксэсуараў)».

У гэтым сьпісе былі і застаюцца сельскагаспадарчыя работы і будаўніцтва (без выкарыстаньня машынаў, электрычных інструмэнтаў і небясьпечных рэчываў), лясная гаспадарка і азеляненьне, прыборка тэрыторыяў і кватэр, праца артыстамі-аніматарамі, набор тэкстаў на кампутары, распрацоўка сайтаў і праграмаў ды іншае.

Паводле Працоўнага кодэксу, праца чалавека ва ўзросьце 14–16 гадоў павінна быць са згоды аднаго з бацькоў і ня быць шкоднай для здароўя і разьвіцьця, не замінаць вучобе.

Мінулай восеньню Аляксандар Лукашэнка ўжо выдаваў указ «Аб мадэльнай дзейнасьці». Паведамлялася, што дакумэнт «накіраваны на абарону правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў мадэльнай дзейнасьці, папулярызацыю беларускай моды», а таксама стварэньне ўмоваў для ўдасканаленьня работы «Нацыянальнай школы прыгажосьці». Прававыя асновы рэгуляваньня гэтай сфэры ў Беларусі ствараліся ўпершыню.

Пакідаеш «Нацыянальную школу прыгажосьці» — кампэнсуй

Іншай пастановай, ужо Савету міністраў ад 19 лютага, вызначаны парадак разьліку і кампэнсацыі выдаткаў, якія дзяржава мела на навучаньне мадэляў у «Нацыянальнай школе прыгажосьці».

Кампэнсаваць выдаткі трэба будзе ў выпадку датэрміновага разрываньня дамовы аб падрыхтоўцы за бюджэтныя сродкі з ініцыятывы навучэнца і ў выпадку адмовы ад заключэньня мадэльнага кантракту «прапарцыйна пэрыяду навучаньня».

Суму кампэнсацыі вызначыць сама «Нацыянальная школа прыгажосьці» — памесячна палічыць цану навучаньня.

Кампэнсаваць выдаткі можна будзе і самім былым навучэнцам, і іхным законным прадстаўнікам (калі былы навучэнец непаўналетні). Ад кампэнсацыі выдаткаў вызвалілі дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без дагляду бацькоў; асобаў 18–23 гадоў, якія страцілі апошняга з бацькоў за час навучаньня; асобаў з адным з бацькоў, мужам ці жонкай інвалідам І або ІІ групы; асобаў зь дзецьмі ўзростам да 3 гадоў і іншых.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG