Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвастрэньне ў Сырыі: Расея і Турэччына сутыкнуліся ў баі


Турэцкія вайскоўцы ў Сырыі
Турэцкія вайскоўцы ў Сырыі

Расейскія і турэцкія вайскоўцы ў чацьвер узялі ўдзел у баявых дзеяньнях у сырыйскай правінцыі Ідліб, дзе атрады ўзброенай апазыцыі зрабілі спробу адбіць у арміі сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада частку страчаных раней тэрыторый.

Паводле шматлікіх паведамленьнях з абодвух бакоў канфлікту, атрады апазыцыі пры падтрымцы турэцкай артылерыі пачалі наступ на населены пункт Найраб. Як гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства абароны Расеі, пасьля таго, як ім удалося прарваць абарону сырыйскіх войскаў, расейскія самалёты Cу-24 нанесьлі па іх удар. «Гэта дазволіла сырыйскім войскам пасьпяхова адбіць усе атакі», — гаворыцца ў паведамленьні, дзе таксама ўтрымліваецца заклік да Турэччыны «у пазьбяганьне інцыдэнтаў спыніць падтрымку дзеяньняў тэрарыстаў» (так Мінабароны Расеі называе некаторыя групоўкі апазыцыі, якія супрацьстаяць арміі Асада ў Ідлібе).

У паведамленьні турэцкага міністэрства абароны гаворыцца, што ў выніку авіяўдару ў Ідлібе загінулі 2 вайскоўцы Турэччыны, пяцёра параненыя. Пры гэтым адказнасьць за авіяўдар ускладаецца на сырыйскія ўрадавыя сілы. Паведамляецца, што пасьля гэтага турэцкія войскі нанесьлі па войсках Асада зваротны артылерыйскі ўдар.

Турэччына і Расея падтрымліваюць розныя бакі канфлікту ў Сырыі — адпаведна апазыцыю і Асада. Пры гэтым абодва бакі выступаюць гарантамі перамір’я ў Ідлібе на паўночным захадзе Сырыі. Турэччына абвінавачвае ў яго зрыве армію Асада, а Расея — узброеную апазыцыю.

Расейска-турэцкія перамовы пра урэгуляваньне сытуацыі пакуль выніку не далі. Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган напярэдадні заявіў, што турэцкая апэрацыя супраць сіл Асада ў Ідлібе — толькі пытаньне часу, а ў Маскве засьцераглі Турэччыну ад апэрацыі.

Сваё ўмяшаньне ў сырыйскі канфлікт Турэччына абгрунтоўвае абаронай мірнага насельніцтва ў Ідлібе, а таксама сваіх вайскоўцаў на наглядальных пастах, створаных па дамоўленасьці з Расеяй. Расея ж сьцьвярджае, што войскі Асада змагаюцца з тэрарыстамі, на якіх дамоўленасьці аб перамір’і не распаўсюджваюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG