Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не адчайвайцеся». Пуцін расказаў пэнсіянэрцы, як пражыць на 170 даляраў


Уладзімір Пуцін, архіўнае фота

Пражыць на 10 800 расейскіх рублёў вельмі цяжка, заявіў кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін, адказваючы на пытаньне жыхаркі Санкт-Пецярбурга аб тым, як ёй пражыць на пэнсію.

Як паведамляе «Інтэрфакс», жанчына паскардзілася на нізкую пэнсію падчас цырымоніі ўскладаньня кветак да помніка першаму мэру Пецярбургу Анатолю Сабчаку 19 лютага. Таксама жыхарка паскардзілася на высокую плату за камунальныя паслугі і на тое, што павышаюцца выплаты за капітальны рамонт. Пуцін адказаў, што «ў некаторых краінах дамы проста бурацца».

«Я ў некаторыя краіны прыяжджаю, гляджу — стаяць разваленыя дамы. Проста бурацца, — расказаў ён. — Я пытаюся, чаму. А таму што прынятыя законы, якія не дазваляюць павышаць квартплату з аднаго боку, а з другога — забараняюць высяляць тых, хто наогул ня плаціць. І ўсё бурыцца».

На пытаньне аб тым, як быць маці-адзіночкам, калі на пражытковы мінімум немагчыма купіць харчы, Пуцін адказаў, што ён усё разумее, і запэўніў, што ўжо праводзяцца вялікія праграмы для падтрымкі сем'яў зь дзецьмі. Таксама будзе павышацца пэнсія інвалідам.

«Не адчайвайцеся. Сытуацыя мяняецца», — сказаў прэзыдэнт.

15 студзеня 2020 года Ўладзімір Пуцін выступіў з пасланьнем да парлямэнту, у якім паабяцаў пашырыць праграму мацярынскага капіталу і ўвесьці новыя дапамогі для сем'яў зь дзецьмі. Усяго на заплянаваныя нацыянальныя праекты за тры гады зьбіраюцца выдзяліць больш за два трыльёны рублёў бюджэтных сродкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG