Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як замаўляць каву і гарбату па-беларуску


©Shutterstock
©Shutterstock

У абмеркаваньні, як сябе паводзіць, калі цябе не разумеюць па-беларуску, я сустрэў два прынцыповыя падыходы.

Першы — паводзіць сябе жорстка, патрабавальна, не праяўляць ніякай літасьці, маўляў, «затое добра запомняць, што беларуская мова — ня жарты, яе паважаць трэба».

Другі падыход мне асабіста больш падабаецца. Асьветніцтва і прамоцыя. Ты разумееш, што тваю «гарбату» ці «рахунак» мусяць разумець, бо гэта слоўнікавыя словы, а людзі ў школьным атэстаце маюць станоўчую адзнаку па беларускай мове. З другога боку, ты ведаеш, што ўся дзяржаўная сыстэма часоў Лукашэнкі працавала і працуе супраць хоць якога пашырэньня беларускай мовы.

І калі твая генэрацыя яшчэ магла чуць жывую беларускую мову на вёсцы, то цяперашнія дваццацігадовыя пазбаўленыя і такой магчымасьці. Таму спачатку патлумач. І, толькі калі адчуеш агрэсію, рабі крок у адказ.

Што далей?

Далей колькасьць гарадзкіх носьбітаў беларускай мовы будзе павялічвацца. Напрыклад, у Менску ўжо дастаткова кавярняў, дзе прыязна ставяцца да беларускай мовы, а дзе-нідзе могуць адказаць па-беларуску. Але трэба разумець, што і праціўнікі пашырэньня беларускай мовы нікуды ня зьнікнуць у адзін момант. Для многіх зь іх беларуская мова — проста лішняя праблема. Штосьці з разраду «не дурыце галавы», «не выпендрывайцеся», «Вам больш за ўсіх трэба?» і т.п.

Распачынаць бясконцую вайну? Здаецца, дзяржава ўсё-ткі магла б паўдзельнічаць у рэгуляваньні праблемы камунікацыі беларускай мовай у публічнай прасторы. У ідэале — зрабіць расейскую факультатыўнай, а беларускую абавязковай. Але можна пачаць з больш лагодных захадаў.

Напрыклад, абавязаць людзей са сфэры сэрвісу ведаць мінімальны набор словаў і фразаў. Моцным дадатковы аргумэнтам пры прыёме на работу можа быць адзнака ў атэстаце. Калі ты маеш там хоць бы «шасьцёрку», то мусіш ведаць словы «кава» і «рахунак». А веданьнем слова «гарбата» цябе забясьпечыць працадаўца.

Як працуе вяртаньне карэннай мовы ў сэрвіс, вы можаце пабачыць у Кіеве, дзе спальныя раёны ўсё яшчэ расейскамоўныя, але турыстычны цэнтар скрозь украінскамоўны. Замена мовы на масавым узроўні адбываецца дзесяцігодзьдзі.

Беларуская сытуацыя ўнікальная тым, што, нягледзячы на незалежнасьць і адсутнасьць наўпроставага кіраваньня з былой мэтраполіі, улада працягвае антынацыянальную палітыку, распачатую калянізатарамі. І вось у гэтай неспрыяльнай сытуацыі беларушчына прабівае сабе шляхі.

А што ж тады будзе, калі беларуская дзяржава павернецца тварам да беларускай мовы? На пэўным этапе ў гарадах утворацца дзьве моўныя супольнасьці. І вось тут варта ўжо цяпер умець, з аднаго боку, рашуча бараніцца, з другога — быць дыпляматамі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG