Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 1000 былых пракурораў ЗША запатрабавалі адстаўкі генпракурора


Генэральны пракурор ЗША Ўільям Бар

Больш за 1100 былых пракурораў і колішніх супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі ЗША 16 лютага апублікавалі адкрыты ліст, у якім заявілі, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і міністар юстыцыі Ўільям Бар, які займае ў ЗША таксама пасаду генэральнага пракурора, парушылі прынцып непрадузятасці ў справе Роджэра Стоўна, які лічыцца прыхільнікам і блізкім сябрам Трампа.

Стоўн быў арыштаваны ў Флорыдзе ў студзені 2019 году па абвінавачаньні ў дачы хлусьлівых паказаньняў у сувязі з расьсьледаваньнем спэцпракурора па Расеі Робэрта Мюлера аб магчымых сувязях Трампа з Крамлём. 10 лютага пракуратура парэкамэндавала асудзіць Стоўна на турэмны тэрмін ад сямі да дзевяці гадоў.

Аднак пасьля таго, як Трамп рэзка раскрытыкаваў гэтую рэкамэндацыю ў сваім мікраблогу ў Twitter’ы, Міністэрства юстыцыі, якое стаіць вышэй за Генэральную пракуратуру, парэкамэндавала суду выбраць для Стоўна больш мяккую меру пакараньня.

«Ні з кім нельга абыходзіцца асаблівым чынам таму, што ён зьяўляецца блізкім палітычным саюзьнікам прэзыдэнта. У нашай краіне мы ўсе роўныя перад законам», — напісалі аўтары ліста, патрабуючы, каб генпракурор Бар сышоў у адстаўку.

Са свайго боку Ўільям Бар у інтэрвію тэлеканалу ABC 14 лютага, не называючы канкрэтна справы Роджэра Стоўна, заявіў, што праз твіты Трампа яму «немагчыма займацца сваёй працай». Пры гэтым ён дадаў, што прэзыдэнт Трамп ні разу не прасіў яго зрабіць што-небудзь у якой-небудзь крымінальнай справе.

У сваю чаргу Трамп напісаў у Twitter’ы, што ён як прэзыдэнт мае поўнае права папрасіць генпракурора менавіта пра гэта, аднак вырашыў пакуль гэтага не рабіць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG