Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор ЗША заявіў, што яму замінаюць працаваць твіты прэзыдэнта Трампа


Генэральны пракурор ЗША Ўільям Бар

Генэральны пракурор ЗША Ўільям Бар выступіў з публічнай крытыкай у адрас прэзыдэнта Дональда Трампа, заявіўшы, што твіты Трампа аб пракурорах Міністэрства юстыцыі і справах, якія яны вядуць, «робяць немагчымым выкананьне маёй працы», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Уільям Бар заявіў гэта празь некалькі дзён пасьля таго, як Мінюст ЗША адмяніў рашэньне ўласных пракурораў, якія рэкамэндавалі асудзіць Роджэра Стоўна, даўняга сябра Трампа, на турэмны тэрмін ад 7 да 9 гадоў. У выніку ў суд былі накіравалі новыя рэкамэндацыі, у якіх гаварылася пра неабходнасьць зьмякчыць пакараньне для Стоўна.

Генпракурор заявіў, што твіты Трампа стварылі для Міністэрства юстыцыі рэпутацыйную праблему, якая ставіць пад пытаньне незалежнасьць ведамства. Пры гэтым ён зьняпраўдзіў сьцьвярджэньні аб тым, што атрымаў распараджэньне ад Трампа, удакладніўшы, што прэзыдэнцкія твіты не паўплывалі на прыняцьце міністэрствам рашэньня аб рэкамэндацыях, датычных прысуду Стоўну.

Дональд Трамп выступіў з крытыкай у адрас фэдэральных пракурораў пасьля таго, як яны рэкамэндавалі асудзіць ягонага даўняга сябра Роджэра Стоўна на 7-9 гадоў турмы за парушэньні, зьвязаныя з выбарамі 2016 году.

«Гэта жудасная і вельмі несумленная сытуацыя, — напісаў Трамп у твітэры. — Сапраўдныя злачынствы адбываліся з другога боку, а зь імі нічога ня робіцца. Нельга дапусьціць скажэньня правасудзьдзя!»

Як піша «Голас Амэрыкі», Стоўн займаўся палітычнымі махінацыямі ў інтарэсах кандыдатаў ад Рэспубліканскай партыі яшчэ з 1960-х гадоў. У лістападзе яго прызналі вінаватым ва ўсіх сямі пунктах, у тым ліку ў дачы лжывых паказаньняў Кангрэсу аб яго спробах атрымаць інфармацыю з выкрадзенай хакерамі электроннай перапіскі дэмакратаў з мэтай зьняславіць суперніцу Трампа Гілары Клінтан, а таксама ў запалохваньні сьведкі ў гэтай справе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG