Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ва Ўкраіне могуць адбыцца ўвосень 2020 году, паведаміў Зяленскі


Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі хацеў бы, каб украінскія мясцовыя выбары прайшлі на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку і ў часова непадкантрольных раёнах Данбасу і анэксаванага Крыму, ужо ў кастрычніку 2020 году.

Пра гэта ён заявіў 15 лютага, выступаючы на Мюнхэнскай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі.

«Наша жаданьне сёньня — правесьці мясцовыя выбары па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку і ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласьцей, у кастрычніку 2020 году. Хацелася б, каб і на тэрыторыі Крыму. Але зрабіць гэта без элемэнтарных умоў бясьпекі і палітычных умоў, парушаючы Канстытуцыю Ўкраіны і міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў, немагчыма для нас», - цытуе Зяленскага Ўкрінфарм.

Прэзыдэнт Украіны нагадаў, што расейскі бок адкрыта інфармуе ўвесь сьвет аб тым, што у 2019 годзе на часова непадкантрольных тэрыторыях Данбасу было выдадзена 125 тысяч расейскіх пашпартоў.

Зяленскі дадаў, што людзям у Данбасе патрэбныя выбары, якія будуць прызнаныя Ўкраінай, усёй грамадой легітымнымі.

«Яны ня могуць быць такімі, калі пройдуць не паводле ўкраінскага заканадаўства, пад гукі стрэлаў і без кантролю нашай мяжы», — падкрэсьліў украінскі прэзыдэнт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG