У Санкт-Пецярбургу 15 лютага на акцыі супраць унясеньня зьменаў у Канстытуцыю затрыманыя актывіст «АгитРоссии» Павел Іванкін і ягоны паплечнік Дзьмітрый Нягодзін. Колькасьць затрыманых за апошнія гадзіны павялічылася да 15, паведаміла «Фонтанка».
Супрацоўнікі паліцыі і Расгвардыі затрымлівалі ўдзельнікаў сэрыі адзіночных пікетаў у Санкт-Пецярбургу супраць унясеньня паправак у Канстытуцыю, акцыя праходзіла ў цэнтры гораду каля Маскоўскага вакзалу, перадае карэспандэнт сайту «Север. Реалии».
Актывіст Яўген Мусін быў затрыманы перш чым пасьпеў дастаць плякат. Быў затрыманы і Асан Мумджы, які раздаваў стужкі з надпісам «Свабода палітвязьням».
На месцы знаходзіліся каля 20 супрацоўнікаў АМАП і прыкладна 40 удзельнікаў пікетнай чаргі. Людзі дасталі плякаты, паліцыя папярэджвала праз мэгафон, што яны павінны разысьціся.
Паліцыянты заклікалі грамадзян не паддавацца на правакацыі і ня ўдзельнічаць у няўзгодненым мерапрыемстве. Адзіночныя пікеты ў Расеі не патрабуюць ўзгадненьня з уладамі.
- Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін унёс папраўкі ў Канстытуцыю на разгляд Дзяржаўнай думы ў студзені. Яны прайшлі першае чытаньне, пасьля чаго рабочая група пачала прапаноўваць свае папраўкі. Прапановы пераразьмяркоўваюць балянс паміж органамі ўлады, уводзяць Дзяржаўную раду як новы орган кіраваньня, усталёўваюць абавязковую індэксацыю пэнсій і прыярытэт расейскай Канстытуцыі над міжнародным правам.
- У кастрычніку 2017 годзе ФСБ распачала крымінальную справу аб тэрарыстычнай супольнасьці «Сетка». Паводле вэрсіі сьледзтва, 11 чалавек зь Пензы, Санкт-Пецярбургу і Масквы стварылі сетку ячэек з мэтай правядзеньня тэрактаў і зьвяржэньня ўлады. Па справе ўжо асуджаная вялікая частка абвінавачаных. Яны неаднаразова заяўлялі пра тое, што давалі прызнальныя паказаньні пад катаваньнямі.