Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон папярэдзіў аб гатоўнасьці Расеі дэстабілізаваць дэмакратыі ў Эўропе


Выступ Макрона ў Мюнхэне.
Выступ Макрона ў Мюнхэне.

Расея будзе працягваць спробы дэстабілізацыі дэмакратыяў у Эўропе, умешваючыся ў выбары і маніпулюючы сацыяльнымі сеткамі. Упэўненасьць у гэтым выказаў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон на канфэрэнцыі ў галіне бясьпекі ў Мюнхэне, яго цытуе агенцтва France-Presse.

Прэзыдэнт Францыі назваў Расею «вельмі агрэсіўнай» у гэтай галіне. Пры гэтым ён заявіў, што палітыка адкрытага супрацьстаяньня з Масквой правалілася, — паведамляе агенцтва Reuters.

Паводле слоў Макрона, ён ня бачыць ніводнага саюзьніка Францыі, гатовага да рэальнага супрацьстаяньня з Расеяй, а значыць, адзіным варыянтам ўзаемадзеяньня застаецца дыялёг зь ёй.

«Мы гаворым усё менш і менш, канфлікты множацца, і мы ня здольныя іх вырашыць», — цытуе Макрона Reuters.

Паводле расейскага дзяржаўнага агенцтва «Спутник», прэзыдэнт Францыі таксама прызнаў неэфэктыўнасьць санкцый адносна Расеі.

Міжнародная канфэрэнцыя ў галіне бясьпекі пачала працу ў пятніцу. У ёй бяруць удзел больш за 500 высокапастаўленых палітыкаў з розных краін сьвету, у тым ліку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Канфэрэнцыя праходзіць ужо 56-ы раз.

Напярэдадні канфэрэнцыі па традыцыі апублікаваны аналітычны даклад пра апошнія тэндэнцыі ў сьвеце — «Мюнхэнская справаздача аб бясьпецы». Сёлета яго галоўная тэма — фэномэн «адсутнасьці Захаду» на міжнароднай арэне.

Аўтары дакладу лічаць, што апошнім часам у сьвеце ствараецца ўражаньне, што Захад перастаў быць актыўным удзельнікам міжнародных працэсаў, у тым ліку і з прычыны глыбокіх рознагалосьсяў паміж краінамі і ўнутры іх.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG