Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз падоўжыў эканамічныя санкцыі супраць Расеі яшчэ на паўгода


У першы дзень сустрэчы ў Брусэлі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў краін Эўразьвязу працягнулі дзеяньне эканамічных санкцый супраць Расеі на наступныя паўгода, паведаміў карэспандэнт Радыё Свабода, удакладніўшы, што афіцыйна пра гэта абвесьцяць на наступным тыдні.

Таксама ў ноч з 12 на 13 сьнежня гэта пацьвердзіў прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль, паведамляе «Укрінфарм».

«Мы мелі дыскусію па Расеі і Ўкраіне. Мы былі праінфармаваныя аб выніках „нармандзкага саміту“, які адбыўся ў Парыжы 9 сьнежня. Эманюэль Макрон і Ангела Мэркель абнавілі для нас інфармацыю пра сытуацыю. Мы працягнулі санкцыі на наступныя шэсьць месяцаў, зыходзячы з таго, што імплемэнтацыя менскіх пагадненьняў застаецца важнай. Мы будзем працягваць за гэтым назіраць», — сказаў прэзыдэнт Эўрапейскай Рады.

  • Эўразьвяз пасьля анэксіі Расеяй Крыму ў 2014 годзе і пачатку баявых дзеяньняў на Данбасе ўвёў і кожны раз працягвае санкцыі, зьвязаныя з парушэньнем тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны. Аднак у Брусэлі ёсьць палітычныя сілы і лідэры, якія лабіююць зьняцьце з Расеі санкцыяў.
  • Папярэдняе падаўжэньне санкцый адбылося 20 чэрвеня. Тады Эўразьвяз працягнуў два пакеты санкцыяў у дачыненьні да Расеі — сэктаральныя эканамічныя і ў сувязі з акупацыяй Крыму. Першы з названых быў працягнуты на шэсьць месяцаў, другі — на цэлы год.
  • Санкцыі супраць цэлых сэктараў эканомікі Расеі цяпер працягваюць дзейнічаць да 31 студзеня 2020 году.
  • Сэктаральныя эканамічныя санкцыі абмяжоўваюць доступ пэўных расейскіх банкаў і кампаній да першасных і другасных рынкаў капіталу ў Эўразьвязе, накладваюць забарону на экспарт і імпарт у гандлі ўзбраеньнямі, устанаўліваюць забарону на экспарт тавараў двайнога прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня, а таксама абмяжоўваюць доступ Расеі да пэўных тэхналёгій і паслуг, якія могуць быць выкарыстаныя ў здабычы нафты і пошуку яе пакладаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG