Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ты ж кахаеш мяне?» і іншыя маніпуляцыі


Адна мая знаёмая жыла ў шчасьлівым шлюбе, і муж, вядома ж, заклікаў яе давяраць яму. Казаў, што ніколі не падмане і не пакрыўдзіць. А калі справа пайшла бліжэй да разводу, аказалася, што ён ужо пару гадоў мае крэдыты, пра якія жонка нічога не ведала.

У дзень закаханых мне згадваецца шмат такіх гісторый: пра пары, у якіх мужчына дарыў ювэлірныя ўпрыгожваньні, а пасьля разрыву патрабаваў усё назад, і пра сем’і, дзе жанчына пры разводзе даведвалася, што машыну муж аформіў на свайго бацьку, так што яна ня можа прэтэндаваць на сваю законную палову сумы.

А вось некалькі запытаў да юрыста, апублікаваных на kp.by:

  • «Калі мы ажаніліся, у мужа была ўласная кватэра. Ужо ў шлюбе ён набыў машыну. На што я магу разьлічваць пры разводзе? Муж сьцьвярджае, што мне нічога не застанецца. Але ўсе гэтыя гады я атрымлівала добры заробак. Атрымліваецца, ён машыны набываў, а я сям’ю карміла».
  • «Падчас шлюбу я падарыў жонцы цэлы гардэроб брэндавай вопраткі і абутку. Агульная сума перавышае 50 тысяч даляраў. Скажыце, ці магу я гэтыя рэчы падзяліць пры разводзе? Ня хочацца, каб усё гэта дасталася былой».
  • «За два тыдні да разводу муж прадаў дарагі аўтамабіль. Цяпер нам трэба ісьці ў суд, але я разумею, што пазбавілася прыстойнай сумы. Што цяпер рабіць? Ці можна дзяліць аўто, якога ўжо няма?»

Вядома ж, недзе ў сьвеце мусяць існаваць і адваротныя гісторыі, у якіх жанчыны хочуць адбіраць мужчынскую вопратку і прадаюць машыны акурат перад разводам. Але я асабіста ніводнай такой не ведаю.

Гэта можа быць памылкай выбаркі, але куды больш падобна да сыстэмнай праблемы. Дзяўчатак зь дзяцінства вучаць, што каханьне — гэта такое сьветлае пачуцьцё, якое мусіць быць мацнейшым за любое жаданьне перастрахавацца і ўвогуле паклапаціцца пра сваю будучыню. І неабавязкова гэтаму вучаць бацькі: такой ідэяй прасякнута ўся масавая культура. А вось абараняць свае інтарэсы нас вучаць куды радзей.

Вось што кажуць пра мужчыну, які хоча падпісаць шлюбную дамову? Што ён разумны чалавек, які ўмее адасабляць пачуцьці ад прагматычных пытаньняў і клапоціцца пра сябе і сваю будучыню. Калі ён шмат зарабляе і цалкам на свае грошы набывае нерухомасьць, прынята лічыць, што ў яго ёсьць права не дзяліцца гэтай нерухомасьцю з жонкай. Нават калі ён пры гэтым угаварыў яе кінуць працу і займацца хатняй гаспадаркай і кляўся, што ўсім заўжды забясьпечыць.

А як называюць жанчыну, якая патрабуе гарантый, што ў выпадку разводу не застанецца ні з чым? Мэркантыльнай сьцервай, якая не кахае мужа, а ўвогуле жыве зь ім толькі дзеля грошай. Любы намёк на тое, што жанчына хоча абараніць свае фінансавыя інтарэсы, успрымаецца як здрада і ледзь не крымінальнае злачынства. Нельга пакрыўдзіць партнэра сваім недаверам, гэта проста бесчалавечна!

Толькі тут такая рэч: «кепскія дзяўчаты», якія загадзя паклапаціліся пра сваю будучыню, ня вымушаны пасьля разводу пачынаць жыцьцё з нуля, а «добрыя» нярэдка сутыкаюцца са страшнымі сюрпрызамі падчас разводу і застаюцца ні з чым.

Ад усяго, вядома ж, не застрахуесься. Мая знаёмая ніяк не магла застрахаваць сябе ад таго, што муж возьме безь яе ведама некалькі крэдытаў. Але шмат што можна прадугледзець, калі глядзець на шлюб не праз ружовыя акуляры.

Супрацоўніца ЗАГСу пры рэгістрацыі шлюбу кажа шмат патасных і прыгожых словаў, але фактычна яна рэгіструе юрыдычную дамову, да якой варта адпаведна ставіцца. Асабліва ў краіне, дзе амаль палова шлюбаў завяршаецца разводам.

І хай ні дзень усіх закаханых, ні палымяныя клятвы ў вернасьці і вечным каханьні не замінаюць вам адстойваць сябе. А калі мужчына стане называць вас за гэта мэркантыльнай і абвінавачваць у недаверы, проста прапануйце яму перапісаць нерухомасьць на вашых бацькоў. Хай гэта будзе такім доказам яго бязьмежнага даверу і каханьня. Можа, акурат вам пашанцавала з партнэрам, і ён здолее правесьці паралелі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG