Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі прапанавалі ўвесьці зьніжкі на штрафы за адміністрацыйныя правапарушэньні


Міністар юстыцыі Беларусі Алег Сьліжэўскі на прэс-канфэрэнцыі 13 лютага расказаў, што асноўныя пункты і канцэптуальныя падыходы да зьменаў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях ужо падрыхтаваныя, але законапраекту яшчэ няма.

Як піша БелаПАН, у ліку гэтых пунктаў такія:

  • падзел парушэньняў на тры катэгорыі: правіны, значныя парушэньні і грубыя парушэньні;
  • пакараньне за правіны — папярэджаньне, вусная заўвага або штраф да 10 базавых велічыняў (сёлета гэта значыць — да 270 рублёў);
  • тэрмін прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці: за правіны — нулявы, за значныя парушэньні — паўгода, за грубыя — год (цяпер адносна любога адміністрацыйнага правапарушэньня толькі пасьля году лічыцца, што асоба не прыцягвалася да адказнасьці);
  • калі асоба плаціць штраф адразу або цягам тыдня пасьля выраку, то, паводле міністра, «зьніжка можа складаць 25–50%» (цяпер наадварот: ня зьніжкі за датэрміновую сплату, а пеня за пратэрміноўку).

Міністар падкрэсьліў, што «ўсе агучаныя прапановы яшчэ будуць абмяркоўвацца».

Адзін з аспэктаў штрафаваньня ўжо зьмяніўся: ад 1 студзеня ў Беларусі пачала працаваць «аўтаматызаваная інфармацыйная сыстэма выкананьня грашовых абавязаньняў»: цяпер грошы за штраф могуць пасьля рашэньня суду аўтаматычна сьпісваць з банкаўскіх рахункаў парушальнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG