Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанію Apple аштрафавалі за наўмыснае старэньне прылад


Галоўны дэпартамэнт у пытаньнях канкурэнцыі і барацьбе з махлярствам (DGCCRF) Францыі аштрафаваў карпарацыю Apple на 25 мільёнаў эўра. Карпарацыю прызналі вінаватай у тым, што яна наўмысна пагаршала працу сваіх мабільных прылад за кошт пастаянных абнаўленьняў апэрацыйнай сыстэмы, змушаючы спажыўцоў рэгулярна купляць новыя смартфоны і акумулятары да іх.

«Расьсьледаваньне DGCCRF па запыце парыскай пракуратуры, пачатае 5 студзеня 2018 году, сапраўды паказала, што ўладальнікі смартфонаў iPhone не былі праінфармаваныя аб тым, што абнаўленьні для іх апэрацыйнай сыстэмы запавольвалі працу прылады», — гаворыцца ў заяве.

«Ня маючы магчымасьці вярнуцца да мінулай вэрсіі сыстэмы, карыстальнікі былі вымушаныя купляць новыя акумулятары або нават новыя тэлефоны».

Разгляд быў пачаты ў 2017 годзе, калі ўладальнікі iPhone 6, SE і 7 пачалі скардзіцца на тое, што абнаўленьне сыстэмы запавольвае працу іх прылад. Газэта Parisien паведамляе, што прыкладна 15 тысяч карыстальнікаў пасьля гэтага далучыліся да асацыяцыі «Далоў запраграмаванае састарэньне», якая і падала скаргу францускім рэгулятарам.

Паводле рашэньня DGCCRF, Apple павінна будзе не толькі заплаціць штраф, але і разьмясьціць на сваім сайце прэс-рэліз, які папярэджвае спажыўцоў аб гэтай праблеме. Apple у сьнежні 2017 году пацьвердзіла, што запавольвае працу старых мадэляў сваіх смартфонаў — праз тое, што ўсталяваныя ў іх акумулятары з часам губляюць магутнасьць. Пасьля гэтага кампанія таксама пачала прапаноўваць спажыўцам замяніць батарэю ў старых прыладах па льготнай цане.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG