Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2160 рублёў на траіх — за заклік і ўдзел у акцыях. У Віцебску прайшлі чарговыя суды


Ілюстрацыйнае фота. Адна з акцый супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй. Менск 8 сьнежня
Ілюстрацыйнае фота. Адна з акцый супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй. Менск 8 сьнежня

23 студзеня ў Віцебску прайшлі тры суды над трыма віцебскімі актывісткамі за заклік да ўдзелу ў акцыях пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі і за ўдзел у іх, паведамляе праваабарончы сайт «Віцебская вясна».

Па выніках судоў аштрафаваныя:

  • Натальля Сьпірыдонава — штраф 675 рублёў, судзьдзя Міхаіл Юрчанка (суд Першамайскага раёну Віцебску),
  • Тацяна Севярынец810 рублёў, судзьдзя Міхаіл Юрчанка,
  • Алена Янушкоўская675 рублёў, судзьдзя Міхаіл Зубеня (суд Віцебскага раёну).

Усіх актывістаў зьвінавацілі паводле ч.1, арт. 23.34 КаАП.

Натальля Сьпірыдонава і Тацяна Севярынец у суд не зьявіліся, справы разглядалі бязь іх удзелу. Актывістак асудзілі за тое, што праз свае акаўнты ў Фэйсбуку яны заклікалі да ўдзелу ў акцыях супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі. Праваахоўнікі палічылі, што сваімі дзеяньнямі яны парушылі належны парадак арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Тацяна Севярынец загадзя перадала заяву, у якой выказала недавер суду, назваўшы яго «рэпрэсіўным органам». Падставаў для адводу судзьдзі ў заяве Севярынец ня ўбачылі.

Актывістку Алену Янушкоўскую, якая таксама не прыйшла на суд, асудзілі за ўдзел у менскай акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. 24 студзеня ў Алены Янушкоўскай адбудзецца яшчэ адзін суд (у судзе Віцебскага раёну, у 15.00), у гэты ж дзень маюць судзіць віцябляніна Аляксандра Якушкова — за ўдзел у сьнежаньскім пікеце ў Віцебску (пачатак суду — 10.00).

Цягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі ішлі суды за акцыі пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Агульная сума штрафаў, прысуджаных пратэстоўцам, — ня менш за 105,9 тысячы рублёў. 11 чалавек асудзілі агулам на 225 сутак арышту.

Кампанія #BY_help 10 студзеня абвясьціла збор сродкаў на дапамогу аштрафаваным і арыштаваным удзельнікам акцыяў супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі. На момант публікацыі толькі на плятформе MolaMola і праз Facebook сабралі ўжо больш за 20 тысяч даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG