Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі могуць павялічыць «узрост сэксуальнай згоды». Але не для ўсіх


Ілюстрацыйнае фота. ©Shutterstock

Караць змогуць таксама за «дыскрымінацыю інстытуту сямʼі». Унесьці зьмены плянуюць у новай рэдакцыі Крымінальнага кодэксу.

У рэдакцыю Свабоды трапіў адказ Міністэрства аховы здароўя на калектыўны зварот грамадзян пра супрацьстаяньне хатняму гвалту. Ліст падпісаны першым намесьнікам міністра Дзьмітрыем Піневічам.

У ім гаворыцца, што Міністэрства аховы здароўя «выступае за прапаганду традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў і падтрымала наступныя прапановы ў межах праекту закону „Аб зьменах кодэксаў у пытаньнях адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці“, у тым ліку ўвядзеньне крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці за распаўсюджваньне інфармацыі, якая дыскрэдытуе інстытут сямʼі і шлюбна-сямейныя адносіны. А таксама выступае за падвышэньне з 16 да 18 гадоў узросту, да наступленьня якога палавыя зносіны і іншыя дзеяньні сэксуальнага характару зь непаўналетнім таго ж полу караюцца ў адпаведнасьці з крымінальным заканадаўствам (артыкул 168)».

Пра тое, што ў Беларусі плянуюцца зьмены ў Адміністрацыйны і Крымінальны кодэксы, стала вядома на пачатку лютага. Перагледзець асобныя іх нормы Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі даручыў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Свабода зьвярнулася па камэнтар у Міністэрства аховы здароўя. Там папрасілі даслаць афіцыйны запыт і паабяцалі адказаць на яго ў кароткі тэрмін.

Праваабаронца: гэта ня сфэра дзейнасьці Міністэрства аховы здароўя

«Я спадзяюся, што ў нас да такога ня дойдзе, — пракамэнтаваў Свабодзе магчымыя перамены крымінальнага заканадаўства старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак. — Калі Мінздароўя пачынае апекавацца нейкімі каштоўнасьцямі, увогуле нейкімі каштоўнасьцямі, акрамя каштоўнасьці здароўя, то ўзьнікае пытаньне, ці на сваім месцы гэтыя людзі? Чым яны займаюцца і за што яны атрымліваюць заробкі?

Пытаньне крыміналізацыі, зь якога ўзросту і за што, гэта ня сфэра дзейнасьці Мінздароўя. Яны маглі б выказацца пра навуковыя дасьледаваньні. Пра тое, у якім узросьце чалавек адказны за свае ўчынкі, калі ад яго можна чакаць такой адказнасьці. Ня бачачы гэтых прапановаў цалкам, дастаткова складана камэнтаваць. Асабліва ў кантэксьце сувязі з традыцыйнымі каштоўнасьцямі. Тут, я думаю, той выпадак, калі ўлады лічаць, што калі нешта забараніць, то яно зьнікне. Гэта нейкая дзіцячая наіўнасьць, памножаная на адсутнасьць прававой лёгікі, і ўпэўненасьць у сваёй уладзе».

Што такое ўзрост сэксуальнай згоды

Паняцьце ўзросту сэксуальнай згоды выходзіць з крымінальнага права і вызначаецца ў большасьці краін сьвету. Яно азначае ўзрост асобы, зь якога яна здольная даць асэнсаваную згоду на сэксуальны кантакт зь іншым чалавекам. У Беларусі, як і ў пераважнай большасьці краін сьвету, узрост сэксуальнай згоды пачынаецца з 16 гадоў. У значнай колькасьці краін, у тым ліку краін Эўразьвязу, ён пачынаецца з 14 гадоў. Сярод іх Нямеччына, Італія, Сэрбія, Кітай. З 15 гадоў пачынаецца ўзрост згоды ў Польшчы, Чэхіі, Францыі. Найменшы прадугледжаны ў Емэне (9 гадоў), найбольшы — у Тунісе (20).

Сэсія Палаты прадстаўнікоў, на якой могуць прагаласаваць за будучыя зьмены ў Крымінальны і Адміністрацыйны кодэксы, пачнецца ў красавіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG