Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага бізнэсмэна затрымлівалі на тэрыторыі Беларусі — КДБ пра «цукровую справу»


Бізнэсмэна Сяргея Кананенку затрымалі ў Беларусі разам з дырэктарам Беларускай цукровай кампаніі Дзьмітрыем Кірылавым — паведамілі Радыё Cвабода ў КДБ.

Такую інфармацыю падаў прадстаўнік КДБ Андрэй Яраш.

Кананенка і Кірылаў — даўнія сябры і бізнэс-партнэры. Разам яны мелі кампанію «Кіко Інтэрнэшнл» (назва — ад першых літар іхніх прозьвішчаў па-расейску), якая ў 1993 годзе стала афіцыйным прадстаўніком амэрыканскага джынсавага брэнду Leviʼs у Беларусі. Доўгі час у Менску працавала іх фірмовая крама Leviʼs на праспэкце Незалежнасьці. Пазьней «Кіко» пачала займацца продажам элітнага замежнага алькаголю.

Як Кананенка датычны да «цукровай справы»

Падрабязнасьці пра дзейнасьць «цукровай мафіі» расказалі 4 лютага ў адмысловым расьсьледаваньні на БТ.

Паводле БТ, Кананенка кіраваў расейскай кампаніяй «Полимер», якая ўдзельнічала ў карупцыйнай схеме.

  • Кананенка даваў хабар усім чатыром дырэктарам цукровых заводаў.
  • Дырэктары адкрылі ў Беларусі фірму «Еўратарэкс», каб рабіць упакоўку для цукру.
  • Фірма набывала дарагую сыравіну ў расейскай фірмы «Полимер».
  • Абедзьве фірмы «не сьвяцілі» свае даходы, а «дзялілі паміж сабой».
  • Злачынную схему пакрываў былы намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Уладзімер Ціхіня.
  • Прыбыткі «цукровых кіраўнікоў» складалі мільёны даляраў, па іх яны езьдзілі ў офіс расейскай кампаніі «Полимер».


Усе фігуранты справы затрыманыя, ім прадʼяўленыя абвінавачаньні: адказным асобам — паводле ч. 3 арт. 430 «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры», бізнэсоўцам — паводле ч. 2 арт. 431 «Даваньне хабару ў буйным памеры». Санкцыі артыкулаў прадугледжваюць пакараньне да 15 гадоў.

Радыё Свабода высьветліла, што фірма «Еўратарэкс», якая, па словах БТ, была створаная пад карупцыйную схему, працуе ўжо 20 гадоў. Сыравіну, апроч згаданага ў сюжэце БТ расейскага «Полимера», на прадпрыемства пастаўляюць яшчэ 5 арганізацый, у тым ліку беларускае «Белхім» — адно з самых старых прадпрыемстваў краіны.

Расейскі «Полимер», у якога, як паказалі па БТ, куплялі сыравіну па завышаных цэнах, зарэгістраваны ў дзяржаўным рэестры Расеі. Сяргей Кананенка — яго заснавальнік.

Гэтая кампанія мае шмат кірункаў дзейнасьці: ад продажу прамысловых хімікатаў да рэклямы, жыльля, фатаграфіі і перакладу.

Зарэгістравана арганізацыя ў цэнтры Масквы.

Даходы яе за 2018 год — 1,6 мільёна даляраў. Але чысты прыбытак — 92 тысячы даляраў, або 5,8 мільёна расейскіх рублёў.

Што вядома пра «цукровую справу»

КДБ завёў крымінальныя справы паводле ч. 3 арт. 430 «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» ў дачыненьні да адказных асобаў і паводле ч. 2 арт. 431 «Даваньне хабару ў буйным памеры» да бізнэсоўцаў. Санкцыі артыкулаў прадугледжваюць пакараньне да 15 гадоў.

Расьсьледаваньне працягваецца. Сьледчы Канстанцін Бычак сьцьвярджае, што фігуранты даюць паказаньні з прызнаньнямі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.

Цяпер затрыманыя:

  • дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіл Крыштаповіч,
  • дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбінату Мікалай Пруднік,
  • дырэктар Жабінкаўскага цукровага заводу Віктар Міронаў,
  • дырэктар Скідальскага цукровага заводу Дзьмітры Ягораў,
  • Былы намесьнік кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Уладзімер Ціхіня,
  • дырэктар Беларускай цукровай кампаніі Дзьмітры Кірылаў,
  • Заснавальнік расейскай кампаніі «Полимер» Сяргей Кананенка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG