Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стралкоў: Лукашэнка мог бы далучыць Смаленск да Беларусі


Аляксандар Лукашэнка на вайсковым парадзе

Пра гэта былы вайсковы кіраўнік сэпаратыстаў у Данбасе Ігар Стралкоў (Гіркін) заявіў у эфіры расейскага тэлеканалу «Рой ТВ».

Пра зьмест выступу Стралкова паведамляе «Эўрарадыё».

Паводле яго Стралкоў прызнаўся, што вельмі скептычна ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі, ня можа яму дараваць «стварэньня сваёй нацыянальнай міфалягемы», «вырошчваньня літвінства ў элітнай частцы Беларусі» — прапаганды гісторыі ВКЛ як беларускай дзяржавы, на якой вырасьлі «два пакаленьні літвінаў».

Стралкоў паведаміў, што падчас службы ў ФСБ быў у камандзіроўцы ў Беларусі і знаёміўся з сытуацыяй.

Асабліва абурае былога камандзіра сэпаратыстаў пазыцыя, якую Лукашэнка заняў у 2014 годзе па ўкраінскім пытаньні, калі не прызнаў далучэньне да Расеі Крыма і аказваў дапамогу Кіеву.

«Аляксандр Рыгоравіч сябе паказаў ворагам Расеі і рускага народу... выступіў адкрыта супраць узьяднаньня Расеі» — лічыць Стралкоў.

Ён крытычна ставіцца і да кіраўніцтва Расеі і палітыка Крамля адносна Беларусі. Паводле яго такая палітыка прывядзе да страты «апошняга рэальнага магчымага саюзьніка». «Сваімі дзеяньнямі Крэмль зьнішчае нават гіпатэтычную магчымасьць у будучыні саюзу Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі» — лічыць Стралкоў.

Ён не выключае, што Аляксандр Лукашэнка можа паспрабаваць наладзіць адносіны з Захадам і там яго прымуць, няхай нават часова.

Былы камандзір данбаскіх сэпаратыстаў кажа: «У рэшце рэшт Лукашэнка мог бы Смаленск далучыць да Беларусі і ўвайсьці ў гісторыю як першы "вялікі літвін". Чаму не?»

Стралкоў нагадаў, што Смаленск уваходзіў у склад ВКЛ і толькі ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя канчаткова быў далучаны да Расеі.

Ён прыгадаў, што ў 1998-1999 гадах быў сьведкам размоваў старшых афіцэраў ФСБ на Лубянцы, якія казалі, што «калі Лукашэнка адправіць на Маскву батальён, да Масквы дойдзе тры дывізіі, і мы далучымся да яго яшчэ раней».

Але гэта ў мінулым, а цяпер нават цяжка сказаць, ці можна яшчэ лічыць беларускага кіраўніка сябрам Расеі, адзначыў былы вайсковы кіраўнік сэпаратыстаў у Данбасе Ігар Стралкоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG