Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прытулак ён ужо атрымаў». Ці будзе Швайцарыя судзіць Гараўскага за палітычныя забойствы ў Беларусі?

абноўлена

Юры Гараўскі (справа).
Юры Гараўскі (справа).

Старшыня Асацыяцыі беларусаў Швайцарыі Аляксандар Сапега сказаў Свабодзе, што Юрыя Гараўскага не чакае крымінальны перасьлед за прызнаньне ў саўдзеле ў забойстве зьніклых палітыкаў.

«У Швайцарыі няма перасьледу за злачынства, учыненае на тэрыторыі іншай краіны, — тлумачыць Сапега. — Напрыклад, калі б ён прызнаўся ў крымінальным злачынстве на тэрыторыі Нямеччыны, то яго б чакала турма.

Але ў Швайцарыі яму нічога за гэта не пагражае. На дадзены момант, наколькі мае крыніцы мне кажуць, ён атрымаў пазытыўны статус уцекача S праз палітычны перасьлед з боку дзяржавы. Гэта дае яму права нават зьмяніць пэрсанальныя дадзеныя: прозьвішча, імя, дзень нараджэньня. Разглядае такія выпадкі SEM — аддзел па міграцыі, які знаходзіцца ў Бэрне. Яны разглядаюць кожную справу пэрсанальна. І, безумоўна, статус S, які атрымаў спадар Гараўскі, далёка ня кожнаму даюць. То бок павінна быць таму сапраўдная прычына».

Аднак у «Нямецкай хвалі», якая першай напісала пра гісторыю Юрыя Гараўскага, Свабодзе распавялі, што рашэньне пра прыстанішча яшчэ не прынятае.

Аляксандар Сапега падкрэсьлівае, што ад моманту пазытыўнага рашэньня аддзелу міграцыі да атрыманьня дакумэнтаў могуць прайсьці месяцы.

Для Сапегі не было сакрэтам, што Гараўскі знаходзіцца менавіта ў Швайцарыі. Але асабіста яны не знаёмыя.

Аляксандар Сапега
Аляксандар Сапега

«Як толькі я ўбачыў гэты відэасюжэт, адразу пазнаў нашыя родныя швайцарскія пэнаты. І ў гэтым цэнтры для ўцекачоў я ўжо быў шмат разоў. Я пазнаў і будынкі, і мэблю ў гэтым цэнтры, і вуліцы ў Цюрыху. Просьбы былі ў мой бок, каб я яго наведаў. Ягоны цэнтар, можа, за 40 кілямэтраў ад Цюрыху. Я зьбіраўся ехаць туды па іншых справах. Наколькі мне стала вядома, акурат пасьля выхаду відэа яго вельмі хутка ня стала ў гэтым цэнтры — прыехала паліцыя ў гэты дзень і забрала яго».

Цяпер, па словах Сапегі, Юры Гараўскі ў іншым горадзе. Але дакладнага месца наш суразмоўца не называе.

На думку Сапегі, Гараўскі наважыўся расказаць пра забойства зьніклых палітыкаў цяпер, бо хацеў або паскорыць разгляд сваёй справы на атрыманьне статусу ўцекача, або прадухіліць вяртаньне ў Беларусь.

«Я шмат ведаю людзей, якія гадамі жывуць у Швайцарыі ў „паветраным“ статусе. Іх і выслаць ня могуць, і пакінуць ня хочуць. І мне падаецца, што Гараўскі пайшоў ва-банк».

Цяпер былы СОБРавец ня можа пакідаць тэрыторыю Швайцарыі.

«Таксама ён ня можа наладжваць любы кантакт з прадстаўніком той дзяржавы, ад якой просіць абароны. То бок любое наведваньне амбасады ці мерапрыемства, дзе ёсьць афіцыйныя асобы Беларусі, пагражае яму стратай статусу ўцекача».

Як атрымаць статус уцекача ў Швайцарыі?

Ёсьць розныя прычыны, па якіх можна атрымаць прытулак у Швайцарыі:

«Гэта можа быць і веравызнаньне, і нестандартныя падыходы ў мусульманскіх краінах да ЛГБТ. Прытулак па стане здароўя, пагроза жыцьцю па стане здароўя. Напрыклад, калі кітайцы раптам пабягуць ад каранавірусу ў іншыя краіны, — тлумачыць Аляксандар Сапега. — Але калі вірус спадзе, яны павінны былі б вярнуцца ў сваю краіну. Прытулак Гараўскага, канечне, палітычны».

Працэс атрыманьня прытулку ў Швайцарыі таксама можа быць розны. Паводле Сапегі, грамадзянам Сырыі, дзе вайна прызнаная ААН, няма патрэбы пацьвярджаць, што яны ў небясьпецы. Усё, што патрэбна, — даказаць, што чалавек сапраўды грамадзянін Сырыі. То бок паказаць пашпарт ці іншы дакумэнт.

«Калі гаворка ідзе пра палітычны прытулак, то трэба пацьвярджаць ня тое, што вы былі палітычным актывістам, а тое, што праз вашыя палітычныя дзеяньні вы ці вашая сям’я знаходзіцца ў небясьпецы, ёсьць пагроза жыцьцю або волі. Менавіта гэта і трэба пацьвярджаць».

Пацьвярджэньнем пагрозы, кажа Сапега, могуць быць дакумэнты пра зьняцьцё пабояў са шпіталя, судовыя пастановы, запрашэньні прыйсьці на размову ў міліцыю ці КДБ зь невядомых прычын.

«На маю асабістую думку, у справе Гараўскага ня можа быць шмат дакумэнтаў, якія б гэта пацьвярджалі. Але і сама Швайцарыя ня можа дакладна гэта спраўдзіць. Дакумэнты, якія я разглядаю ад уцекачоў, — гэта нейкія копіі, выпіскі, спасылкі на штосьці. Але гэта вельмі слаба. Калі Гараўскаму далі пазытыў, значыць, у яго штосьці было. Але гэта вельмі рэдкая для беларусаў зьява».

Калі чалавек хоча атрымаць прытулак па здароўі, то яму трэба даказаць, што лячэньне на тэрыторыі краіны не прадугледжана: «Гэта можа быць або тэхнічнае, тэхналягічнае пытаньне, калі няма апаратуры і абсталяваньня. Або калі лячэньне па дадзенай хваробе не вядзецца».

Аляксандар Сапега кажа, што да яго па дапамогу зьвяртаецца вельмі шмат беларусаў.

«Я адчуваю, што гэтыя беларусы не сапраўды актывісты, не сапраўды ў небясьпецы. Проста беларусы, якія шукаюць лепшага жыцьця і іншага не прыдумалі, акрамя як заявіць, што яны палітычныя ўцекачы. І вось 99% такіх беларусаў адпраўляюць назад сотнямі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG