Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Поўны нонсэнс». Гістарычны музэй з цэнтру Менску хочуць перанесьці на ўскраіну


Цяпер музэй месьціцца ў цэнтры гораду і рыхтаваўся да пераезду ў раён стэлы на праспэкце Пераможцаў

Праект будынка новага Нацыянальнага гістарычнага музэю ў Менску, які павінен быў зьявіцца каля стэлы на праспэкце Пераможцаў, гатовы. Аднак будоўлю не пачалі, як плянавалася, бо, паводле неафіцыйнай інфармацыі, старшыня Менгарвыканкаму прапанаваў пашукаць для музэю іншую пляцоўку.

Цяперашні будынак на вуліцы Карла Маркса, у якім месьціцца музэй, цесны. Ідэю новага будынка ў 2017 годзе выказаў былы кіраўнік Менску Андрэй Шорац. Аляксандар Лукашэнка санкцыянаваў узьвядзеньне новага будынка музэю насупраць стэлы на праспэкце Пераможцаў.

«Гэтае скрыжаваньне прыгожае, шырокае, агляднае»

У камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму карэспандэнту Свабоды паведамілі, што разглядаюцца розныя варыянты, але канчаткова ня вырашана, на якой пляцоўцы пабудуюць музэй.

Цяпер гістарычны музэй месьціцца на вуліцы Карла Маркса (Падгорнай)
Цяпер гістарычны музэй месьціцца на вуліцы Карла Маркса (Падгорнай)

Старшыня камітэту Вольга Радчанка сказала Свабодзе, што цяпер вядзецца праца для вызначэньня «аптымальнага месца разьмяшчэньня». Ці будуць гэта Навінкі, «сказаць на гэты момант немагчыма». «Я нават не магу сказаць, варыянт гэта ці не», — сказала Радчанка.

Ці было распараджэньне старшыні Менгарвыканкаму Анатоля Сівака шукаць новую пляцоўку для музэю? Паводле Радчанкі, такога распараджэньня не было, а пошук месца адбываецца «ў рамках рэалізацыі гэтага аб’екта з улікам аптымізацыі».

«Я думаю, што за мінімальны час яшчэ раз перагледзім гэтае месца», — сказала Радчанка.

У камітэце кажуць, што праспэкт Пераможцаў «не вырашае на сто адсоткаў сытуацыю музэю». Тут мала прасторы для дэпазытарыю, няма месца для паркоўкі вялікіх турыстычных аўтобусаў, няма зоны для экспазыцыі на прылеглай тэрыторыі.

«Мы ўжо прывыклі, што гэтае скрыжаваньне прыгожае, шырокае, агляднае. Там сфармавана плянавальная структура, і зьмена яе можа выклікаць нейкія рознагалосьсі. Хацелася, напэўна, прасторы, таму разглядаюць розныя варыянты», — дадае першы намесьнік старшыні камітэту Алена Сухадолава.

«Аптымальны варыянт» плянуецца падаць на разгляд кіраўніцтву краіны.

«Музэй не прынізіць значнасьць стэлы»

Архітэктурную канцэпцыю будынка распрацавала кампанія «Вараб’ёў і партнэры». Дызайн экспазыцыі стварыў Беларускі саюз мастакоў.

Заслужаны архітэктар Беларусі Алег Вараб’ёў лічыць, што перанос музэю з пляцоўкі каля стэлы — «поўны нонсэнс». Лукашэнка зацьвердзіў канцэптуальны праект менавіта на гэтым месцы, і была зроблена рабочая дакумэнтацыя.

«Ва ўсіх гарадах сьвету нацыянальныя музэі знаходзяцца ў цэнтры. Нават у Расеі два гістарычныя музэі — адзін у Крамлі, а другі на Краснай плошчы. Нацыянальны музэй павінен упрыгожыць цэнтральны пункт гораду, яго нельга выносіць недзе на задворкі. Музэй павінен быць на тым месцы, дзе ён цяпер запраектаваны», — сказаў карэспандэнту Свабоды Алег Вараб’ёў.

Архітэктар не разумее, чаму цяпер для музэю шукаюць іншае месца.

«Я лічу, што два музэі нададуць гэтаму месцу значнае, сакральнае значэньне. Падчас урачыстых мерапрыемстваў мы будзем мець на фоне прыгожы фасад будынка, а не жылыя дамы. Нічога не супярэчыць таму, каб будынак быў тут. Усё адпавядае плянаваму заданьню і ўсім парамэтрам. Я ня бачу перашкодаў, каб гэты будынак зьявіўся каля стэлы. Нават была прапанова зрабіць падземны тунэль паміж Гістарычным музэем і Музэем вайны, каб наведнікі маглі пабываць у кожным зь іх», — кажа архітэктар.

Усярэдзіне цяперашняга гістарычнага музэю
Усярэдзіне цяперашняга гістарычнага музэю

Плошча будынка новага гістарычнага музэю складае 19 тысяч квадратных мэтраў. Яе крыху павялічылі дзеля фондасховішча. Вышыня складае 22 мэтры, і гэта не замінае 45-мэтровай стэле.

«Гэты музэй ніяк ня можа канкураваць са стэлай „Менск горад-герой“ ці прынізіць яе. А ў нас дах музэю знаходзіцца на ўзроўні даху Музэю вайны. Сама стэла і музэй знаходзяцца на ўзгорку. А гэты будынак будзе ніжэй на 6 мэтраў. Таму музэй не прынізіць і не пагоршыць значнасьць ні стэлы, ні Музэю вайны», — патлумачыў Алег Вараб’ёў.

На плошчах, якія мае гістарычны музэй цяпер, яму цесна
На плошчах, якія мае гістарычны музэй цяпер, яму цесна

«Мы арыентуемся на праспэкт Пераможцаў»

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музэю Павал Сапоцька кажа, што з будоўляй «уключаны рэжым чаканьня».

«Але мы працуем згодна з рэзалюцыяй кіраўніка дзяржавы ад 2017 году і арыентуемся на праспэкт Пераможцаў», — сказаў Павал Сапоцька.

Павал Сапоцька
Павал Сапоцька

Тое, што музэй пабудуюць у Навінках, ён назваў чуткамі і разважаньнямі.

Паводле Сапоцькі, у пастаяннай экспазыцыі новага музэю будзе каля 15–20% ад усіх прадметаў, што ёсьць у фондасховішчах.

«У нас жа ад манэты да трактара. Але гэта вельмі добрая лічба па розных крытэрах», — сказаў ён.

Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG