Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27-тысячны Крычаў 5 гадоў жыў без радзільні. Што ўлады адказалі на пэтыцыю гараджанаў


Ілюстрацыйнае фота. Крычаўская цэнтральная раённая бальніца падчас рамонту, 2016 год
Ілюстрацыйнае фота. Крычаўская цэнтральная раённая бальніца падчас рамонту, 2016 год

З Крычава жанчын возяць нараджаць у суседнія райцэнтры, а таксама за 100 кілямэтраў у Магілёў. Мясцовыя ўлады запэўніваюць, што крычаўская радзільня неўзабаве зноў запрацуе.

27-тысячны Крычаў — чацьвёрты колькасьцю насельніцтва райцэнтар на Магілёўшчыне. Мясцовая радзільня не працавала ад 2015 году. Стары будынак крычаўскай раённай лякарні, у якім месьціцца радзільня, працяглы час быў на рамонце. Цяпер работы завершаны, але крычаўцы занепакоеныя, што радзільнае аддзяленьне не адкрыецца.

У онлайн-пэтыцыі на адрас Магілёўскаму аблвыканкаму адзначаецца, што мясцовыя ўлады «хочуць яе [радзільню] закрыць і не аднаўляць работу зь невядомай прычыны». Маўляў, каб «пазбавіцца ад лішняга галаўнога болю».

Адказваючы на пытаньне пра далейшы лёс радзільні, галоўны ўрач Цэнтральнай раённай бальніцы Крычава Аляксандар Плятнёў паведаміў, што яе адкрыцьцё адбудзецца ў сакавіку і райвыканкам ужо адказаў на пэтыцыю.

Намесьніца старшыні Крычаўскага райвыканкаму Ірына Еўдакіменка пацьвердзіла словы Плятнёва наконт тэрміну адкрыцьця радзільні і дадала: «Зрабілі рамонт, цяпер закупляецца абсталяваньне».

Як рамантавалі і будавалі раённую лякарню ў Крычаве

Стары будынак Крычаўскай цэнтральнай раённай лякарні, узьведзены ў 1958 годзе, прызналі перадаварыйным у 2010-м. Пасьля абрынаньня ў 2014 годзе мясцовай гімназіі крычаўцы захваляваліся, што такі лёс можа напаткаць і лякарню.

На той момант ужо два гады ўзводзілі новы лячэбна-дыягнастычны корпус. Яго абяцалі здаць у 2015 годзе, але адкрылі ў 2016-м. Зацягваньне работ тлумачылі нястачай фінансаваньня.

У тым жа годзе зьявіліся фатаздымкі з старога корпусу, на якіх было відаць, што столь трымаецца на драўляных падпорках. Паводле супрацоўнікаў адміністрацыі лякарні, такую параду даў інстытут «Магілёўграмадзянпраект», які абсьледаваў будынак і дазволіў эксплюатацыю.

У 2018 годзе раённая газэта «Крычаўскае жыццё» апублікавала зварот да жыхароў райцэнтру, каб тыя ахвяраваньнямі дапамаглі рамантаваць старую лякарню. У ім гаварылася, што парадзіх возяць у суседнія Клімавічы і абласны цэнтар.

У кастрычніку 2019 году газэта паведаміла, што аказала спонсарскую дапамогу ў 12 тысяч рублёў для набыцьця 355 камплектаў пасьцельнай бялізны для лякарні. Колькі грошай пералічылі жыхары Крычава на дабрачыннай рахунак для рамонту, даведацца не ўдалося.

Публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG