Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд за макарону. Палітык Дзьмітрыеў перамог Дзяржынскі шпіталь


Андрэй Дзьмітрыеў з адвакаткай Марыяй Колесавай-Гудзілінай у судзе

У спрэчцы аб фатаздымку макароны з батонам суд стаў на бок лідэра «Гавары праўду».

Суд Дзяржынскага раёну не задаволіў пазоў мясцовай раённай бальніцы да лідэра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева. Суд ня ўбачыў доказаў таго, што зьвесткі пра шпіталь, якія распаўсюдзіў лідэр кампаніі «Гавары праўду», не адпавядаюць рэчаіснасьці і няславяць рэпутацыю шпіталя.

Са шпіталя будзе спагнана 900 рублёў судовых выдаткаў, калі пастанова судзьдзі Тацяны Фядчук ня будзе абскарджана. Пакуль прадстаўнікі Дзяржынскага шпіталя ня могуць сказаць, як шпіталь паставіцца да рашэньня суду.

Андрэй Дзьмітрыеў сказаў, што не зьбіраўся пакрыўдзіць кагосьці зь лекараў і супрацоўнікаў Дзяржынскага шпіталя, а нацэлены на вырашэньне нашмат большай праблемы, чым толькі якасьць ежы ў раённых шпіталях.

«Задача пра тое, каб нікому ня трэба было дасылаць фатаздымкі няякаснай ежы ў шпіталі, каб ня трэба было весьці дзяцей у платныя кабінэты, бо ў бясплатных на раёне няма каму працаваць, бо тут плацяць менш грошай лекарам. Можна падзякаваць Дзяржынскаму шпіталю за гэтую гісторыю, бо гэта для нас выдатны старт кампаніі пра зьмену сацыяльных стандартаў. Для сталіцы яны адны, для рэгіёнаў іншыя. Але не павінна быць падвойнай справядлівасьці, калі адным пацыентам — паўнавартасная ежа, а другім — зьліплая макарона», — сказаў Дзьмітрыеў карэспандэнту Свабоды.

За што судзіліся

У студзені ў Дзяржынскім раённым судзе пачаўся разгляд пазову мясцовага шпіталя да лідэра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева. Шпіталь патрабаваў абвергнуць зьвесткі, якія Дзьмітрыеў распаўсюдзіў падчас нядаўняй выбарчай кампаніі па канале СТВ.

У кастрычніку 2018-га Андрэй Дзьмітрыеў, які тады быў кандыдатам у дэпутаты, паказаў падчас свайго выступу на тэлебачаньні здымак ежы. Паводле Дзьмітрыева, талерку макароны з батонам падаюць пацыентам Дзяржынскага шпіталя на абед. Дзьмітрыеў параўнаў яго са здымкам абеду ў менскім шпіталі. «Хіба гэта справядліва, хіба ў Дзяржынску лечацца не такія ж хворыя?» — абураўся палітык.

Пазоў, акрамя Андрэя Дзьмітрыева, Дзяржынскі раённы шпіталь заявіў таксама ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне».

У судзе прадстаўнікі Дзяржынскага шпіталя даводзілі, што на фота, якое прадэманстраваў Дзьмітрыеў, быў не абед, а сьняданак.

Таксама на працэсе стала вядома, што на штодзённае харчаваньне пацыентаў шпіталя летась у сярэднім выдаткоўвалася па 3 рублі 70 капеек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG