Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Макаронай, можа, і кармілі, але не ў абед» — Дзяржынскі шпіталь судзіцца з палітыкам Дзьмітрыевым за фота з макаронай


Андрэй Дзьмітрыеў з тым самым фота
Андрэй Дзьмітрыеў з тым самым фота

Дзьмітрыеў паказаў па тэлебачаньні фатаздымак макароны з хлебам нібыта са сталовай шпіталя. Шпіталь абурыўся і падаў у суд. Схадзілі на першае паседжаньне і паслухалі, што кажуць прадстаўнікі шпіталя.

У Дзяржынскім раённым судзе пачаўся разгляд пазову мясцовага шпіталя да лідэра грамадзкай кампаніі «Гавары праўду» Андрэя Дзьмітрыева. Шпіталь патрабуе абвергнуць зьвесткі, якія Дзьмітрыеў распаўсюдзіў падчас нядаўняй выбарчай кампаніі па канале СТВ.

У кастрычніку 2018-га Андрэй Дзьмітрыеў, які тады быў кандыдатам у дэпутаты, паказаў падчас свайго выступу на тэлебачаньні здымак ежы. Паводле Дзьмітрыева, талерку макароны з батонам падаюць пацыентам Дзяржынскага шпіталя на абед. Дзьмітрыеў параўнаў яго са здымкам абеду ў менскім шпіталі. «Хіба гэта справядліва, хіба ў Дзяржынску лечацца не такія ж хворыя?» — абураўся палітык.

Пазоў, акрамя Андрэя Дзьмітрыева, Дзяржынскі раённы шпіталь заявіў таксама ЗАТ «Сталічнае тэлебачаньне», але прадстаўнік тэлекампаніі ў суд не зьявіўся. Суд вырашыў разглядаць справу ў яго адсутнасьць. Таксама суд вырашыў прыцягнуць у якасьці адказьніка раённую газэту «Ўзвышша», якая перадрукавала выступ Андрэя Дзьмітрыева.

Чаму шпіталь прасіў зрабіць працэс закрытым?

Працэс пачаўся з разгляду хадайніцтва прадстаўніка Дзяржынскага шпіталя аб правядзеньні працэсу ў закрытым рэжыме. Юрысконсульт шпіталя Алена Вакула выказала апасеньне, што ў судзе могуць прагучаць зьвесткі, якія скампрамэтуюць установу. Андрэй Дзьмітрыеў на гэта заявіў, што працэс павінен быць галосны, бо справа аб рэпутацыі шпіталя цікавая грамадзтву. Суд з гэтым пагадзіўся, але пры гэтым адхіліў хадайніцтва Андрэя Дзьмітрыева аб вядзеньні на працэсе відэаздымкі.

«Гэта быў не абед»

Як ставяцца ў Дзяржынскім шпіталі да здымка, які паказаў Дзьмітрыеў?

Паводле юрысконсульта Дзяржынскага шпіталя Валерыі Лалінай, агучаныя Дзьмітрыевым зьвесткі «ствараюць ілжывае ўяўленьне пра шпіталь» і «ганьбяць дзелавую рэпутацыю ўстановы».

Валерыя Лаліна заявіла суду, што здымак абеду, які паказаў на канале СТВ Андрэй Дзьмітрыеў, ня мае дачыненьня да абедаў, якія выдаюцца пацыентам шпіталя.

«У нас абед складаецца зь першай і другой стравы, у якую ўваходзяць мясная страва, ці курыца, ці рыба, і трэцяй стравы», — даводзіла юрысконсульт.

Валерыя Лаліна распавяла, што абеды ў Дзяржынскім шпіталі гатуюцца па зацьверджаных нормах, у адпаведнасьці з тэхналёгіяй і патрабаваньнямі дыеталёгіі, а таксама залежна ад узросту і хваробы пацыентаў.

Андрэй Дзьмітрыеў з адвакаткай Марыяй Колесавай-Гудзілінай
Андрэй Дзьмітрыеў з адвакаткай Марыяй Колесавай-Гудзілінай

Тое, што на здымку абед зь іх шпіталя, абвяргае і галоўны лекар Дзяржынскага шпіталя Ўладзімер Губаш.

«Магчыма, макаронай і кармілі пацыентаў у нашым шпіталі, але гэта быў не абед», — настойваў галоўны лекар.

Уладзімер Губаш абураны заявай Андрэя Дзьмітрыева і паведаміў суду, што ягонае абурэньне падзяляюць шматлікія пацыенты шпіталя і яго супрацоўнікі. Але прозьвішчы гэтых людзей лекар не назваў.

«Харчаваньне ў шпіталі кантралюе раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі, таксама кантралюецца якасьць харчаваньня ўнутры шпіталя», — сказаў Уладзімер Губаш і дадаў, што маніторынг якасьці харчаваньня ў шпіталі недахопаў у 2019 годзе ня выявіў.

Колькі каштуе штодзённае харчаваньне ў Дзяржынскім шпіталі?

Паводле мэдсястры-дыетоляга шпіталя Нэлі Аракелян, на штодзённае харчаваньне пацыентаў летась выдзялялася па 3 рублі 70 капеек, але за год гэтыя траты двойчы карэктаваліся.

Галоўны лекар шпіталя Губаш дадаў, што на харчаваньне пацыентаў ідуць і прадукты, якія прадстаўляюць спонсары. У прыватнасьці, па яго зьвестках, было перададзена каля 30 тон бульбы.

«Прыём ежы ў выглядзе макароны з маслам, сырам і батонам мог быць на сьняданак, але не на абед», — мяркуе мэдсястра-дыетоляг Нэлі Аракелян. Яна дадала, што фатаздымак, які паказаў Андрэй Дзьмітрыеў, і ягоныя словы пра якасьць харчаваньня ў шпіталі «асабіста яе зьневажаюць».

Хто зрабіў фатаздымак абеду, які фігуруе ў справе?

Прадстаўніца Андрэя Дзьмітрыева Марыя Колесава-Гудзіліна агучыла прозьвішча пацыенткі, якая зрабіла скандальнае фота ежы. Гэта жыхарка Дзяржынску Марыя Мокус. Яна лячылася ў шпіталі ў красавіку 2019 году. Паводле абаронцы, сьведка гатовая прыехаць і даць суду паказаньні.

Андрэй Дзьмітрыеў у судзе прапанаваў павялічыць бюджэт Дзяржынскай раённай бальніцы, бо, на яго думку, выдзеленых грошай не хапае на належнае харчаваньне пацыентаў.

Працяг суду прызначаны на 29 студзеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG