Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадарка Вялікай Брытаніі расказала, як зьменяцца стасункі зь Беларусьсю пасьля Brexit


Жаклін Пэркінc
Жаклін Пэркінc

Брытанія ня бачыць вялікіх зьменаў у стасунках зь Беларусьсю у сувязі з Brexit, заявіла на брыфінгу ў Менску 5 лютага амбасадарка Вялікай Брытаніі ў Беларусі Жаклін Пэркінс.

Жаклін Пэркінс адзначыла актывізацыю двухбаковых стасункаў Беларусі і Аб’яднанага каралеўства з 2016 году і выказала спадзеў на захаваньне гэтай тэндэнцыі, найперш у сфэрах гандлю і эканамічных адносін.

Яна нагадала, што у 2018 годзе Беларусь і Вялікая Брытанія падпісалі мэмарандум аб узаемаразуменьні, а ў 2019-м — пагадненне аб гандлёвым дыялёгу.

«Таксама ня думаю, што мая праца ў Менску зьменіцца. Я і мая папярэдніца (Фіёна Гіб. — РС) рупліва працуем, каб палепшыць стасункі паміж дзьвюма краінамі», — расказала дыпляматка.

Жаклін Пэркінс пачала працу ў Менску летась у канцы жніўня. Да Беларусі яна працавала ў брытанскіх амбасадах у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, Эгіпце, Бахрэйне і Кувэйце. У Кембрыджы яна вывучала нямецкую і расейскую мову. Замужам, мае дваіх дзяцей.

Працягнуць дыялёг аб правах чалавека

Яна адзначыла, што «прыемна зьдзіўленая» колькасьцю сувязяў паміж Вялікай Брытаніяй і Беларусьсью, новых ініцыятываў і прапановаў супрацы. Таксама амбасадарка падкрэсьліла, што Брытанія працягне дыялёг з урадам Беларусі ў пытаньнях правоў чалавека.

«Заўжды важна мець магчымасьць абмяркоўваць такія тэмы», — дадала Пэркінс аб пытаньні правоў чалавека.

Новых санкцыяў ня ўводзілі — падоўжылі эўрапэйскія

Камэнтуючы пытаньне пра санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, якія Вялікая Брытанія нядаўна працягнула, амбасадарка адзначыла, што ўмовай для іх скасаваньня мусіць быць «большы прагрэс» у сфэры правоў чалавека.

Яна таксама заўважыла, што «пэўны прагрэс» у гэтай сфэры ёсьць — ён тычыцца большых магчымасьцяў для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці абмяркоўваць гэтыя пытаньні з урадам.

Пэркінс таксама падкрэсьліла, што Брытанія не ўвяла новых санкцый, а падоўжыла старыя, прынятыя яшчэ ў складзе Эўразьвязу.

Спадзяюцца на мараторый ці адмену сьмяротнага пакараньня

Амбасадарка таксама адзначыла важнасьць пытаньня сьмяротнага пакараньня ў Беларуасі для стасункаў дзьвюх краінаў, прыгадала добрыя адносіны з адпаведнай працоўнай групай у Палаце прадстаўнікоў мінулага скліканьня і выказала спадзеў на такія ж плённыя дачыненьні з новай дэпутацкай групай.

«Спадзяюся, што аднойчы Беларусь зробіць гэты важны крок і або ўвядзе мараторый на сьмяротнае пакаранне, або цалкам адменіць яго», — адзначыла Пэркінс.

Зь візамі — бязь зьменаў

Пэркінс таксама не прадбачыць зьменаў у візавай палітыцы Каралеўства ў дачыненьні грамадзянаў Беларусі.

Паводле яе, летась ад беларусаў паступіла каля 17 тысяч заявак на брытанскую візу. Доля адмоваў звычайна складае 2%. Яна прывяла статыстыку і пра паездкі ў адваротны бок: за 2018 год 13,5 тысячы брытанцаў наведалі Беларусь. Паводле яе, прырост брытанскіх наведнікаў Беларусі штогод складае 30%.

Вялікая Брытанія не ўваходзіць у Шэнгенскую зону. Беларусам трэба атрымліваць брытанскую візу (выдаюць і шматразовыя кароткатэрміновыя, і доўгатэрміновыя, і для турызму, і для бізнэсу). Працэс займае да 15 працоўных дзён.

Жаклін Пэркінс адказвае на пытаньні журналістаў
Жаклін Пэркінс адказвае на пытаньні журналістаў

ЗША і Беларусь — сябры Брытаніі

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта Свабоды, амбасадарка Пэркінс расказала, што Брытанія шчыра вітае пацяпленьне адносінаў між Беларусьсю і Злучанымі Штатамі.

«ЗША — наш сябар, і Беларусь — наш сябар, — растлумачыла Пэркінс. — Вельмі прыемна, калі нашы сябры між сабой сябруюць».

***

Вялікая Брытанія афіцыйна выйшла са складу Эўразьвязу 31 студзеня 2020 году. Гэта вынік рэфэрэндуму 2016 году, у якім узялі ўдзел 72,2% дарослых брытанцаў. За Brexit («British exit» — брытанскі выхад) тады прагаласавалі 51,89%.

Прыхільнікі выхаду сьцьвярджалі, што брытанцы атрымліваюць ад ЭЗ менш, чым у яго ўкладаюць. Важным аргумэнтам было і тое, што астраўная краіна больш ня будзе падпарадкоўвацца рашэньням з Брусэлю, зь якімі Лёндан часта не хацеў пагаджацца.

Аднак працэс выхаду з ЭЗ стаўся выпрабаваньнем для Вялікай Брытаніі. Паводле справаздачы Цэнтру эўрапейскіх рэформаў, Brexit ужо каштаваў эканоміцы вострава 70 млрд фунтаў. За тры гады ад рэфэрэндуму брытанская эканоміка аслабла на 2,9%, а фунт стэрлінгаў ня быў такі танны за апошнія 30 гадоў. Ад моманту ініцыяваньня рэфэрэндуму ў 2013 годзе да фактычнага выхаду ў краіне двойчы зьмяніліся прэм’еры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG