Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пакідае адна з куратараў праекту адмены сьмяротнага пакараньня


Фіёна Гіб
Фіёна Гіб

Амбасадарка Вялікай Брытаніі Фіёна Гіб 8 жніўня сустрэлася са старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам з нагоды завяршэньня сваёй працы ў Беларусі.

Беларускі сьпікер сказаў, што ён разьвітваецца з амбасадаркай «са шкадаваньнем і сумам». Андрэйчанка прыгадаў, што менавіта пры спадарыні Гіб дэлегацыя парлямэнту Вялікай Брытаніі ўпершыню наведала Менск, упершыню былі падпісаныя два мэмарандумы аб супрацы, на летняй сэсіі 2019 году Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Люксэмбургу брытанскія дэпутаты падтрымалі беларускую рэзалюцыю.

«Вы моцна дапамаглі нашаму Андрэю Мікалаевічу, які цяпер сядзіць з намі за адным сталом», — дадаў Андрэйчанка.

Андрэй Навумовіч — гэта дэпутат Палаты прадстаўнікоў, які ў Нацыянальным сходзе ачольвае групу, што займаецца вывучэньнем праблемаў сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Амбасадарка Гіб асабіста была куратаркай праекту распаўсюду ведаў пра адмену сьмяротнага пакараньня ў розных краінах сьвету. Зь яе ініцыятывы Навумовіч лятаў у Лёндан, дзе вывучаў брытанскі досьвед.

Фіёна Гіб асабіста шукала вядомых у сьвеце экспэртаў, якія прыяжджалі ў Беларусь, каб абмеркаваць розныя аспэкты гэтай праблемы. Амбасадарка Гіб шукала сродкі ва няўрадавых арганізацыях для арганізацыі сэмінараў і школаў навучаньня. Яна асабіста ўдзельнічала ў такіх сэмінарах, якія прайшлі ў Менску і ва ўсіх абласных цэнтрах.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG