Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пра «цукровую справу»: стварылі «пракладку ў Маскве», сярод затрыманых і «людзі ў пагонах»

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота

У канцы мінулага студзеня ў Беларусі зьніклі дырэктары адразу ўсіх чатырох цукровых заводаў — 27 студзеня на працу ня выйшаў ніводзін зь іх. 4 лютага Аляксандар Лукашэнка ўпершыню пракамэнтаваў рэзанансную справу, дэталі якой дагэтуль не раскрывалі ні Сьледчы камітэт, ні пракуратура, ні КДБ.

Падчас візыту ў Добруш Лукашэнка паабяцаў, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі неўзабаве падрабязна раскажа пра справу.

«Маржу дзялілі на хабары»

Але, як перадае БелТА, пасьля і сам падзяліўся сваім бачаньнем «цукровай справы».

«Такога ў Беларусі яшчэ не было, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Што зрабілі гэтыя дзялкі: яны стварылі ў Маскве „пракладку“, гандлёвы дом. Звычайная „пракладка“. Паставілі туды сваіх. З заводаў па заніжаных цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розьніцу хабарамі раздавалі гэтым дырэктарам заводаў».

Лукашэнка дадаў, што яго гэта абурыла. Справа, сьцьвярджае ён, даўно была на кантролі спэцслужбаў.

«Мне даклалі, што за бясцэнак прадавалі гандлёваму дому гэты цукар, а частка па нейкай там павялічанай цане вярталася ў Беларусь, — расказаў ён. — Можа быць, цукар нават не вывозілі ў Маскву і назад не завозілі. А дакумэнты ішлі туды, пераафармлялі, і тут проста з заводаў на наш рынак пастаўлялі гэты цукар з маржой. А потым гэтую маржу дзялілі на хабары».

Лукашэнка заявіў, што асабіста загадаў «усіх пад мятлу і ў камэру», і адзначыў, што «там трапіліся і людзі ў пагонах» — маўляў, «будзе жэстачайшае стаўленьне да гэтага».

«​Навука для ўсіх дырэктараў»​

Ён пацьвердзіў, што самалёт, які ляцеў зь Менску ў Мюнхен, разварочвалі і садзілі, каб «затрымаць аднаго зь дзеячоў»:

«Цягам сутак «замялі» ўсіх — гэта была мая жорсткая каманда. Усе далі паказаньні. Ніхто іх не гнабіў, ня біў, пальцы ў дзьверы не засоўваў — пасадзілі і сказалі: толькі праўду. Усе напісалі, з кім былі звязаныя, каму вазілі, каму давалі. Правялі ператрусы — уласнасці нямерана: там дзесяткі самых сучасных аўтамабіляў, кватэры дзесяткамі, асабнякі і велізарная колькасць грошай«,— распавёў Лукашэнка.

«Гэта навука для ўсіх дырэктараў», — дадаў ён.

«Перад кіраўнікамі паклаў кайданкі і сказаў: калі да раніцы ня будзе цукру, ведаеце, што будзе»

Лукашэнка адзначыў, што чатыры цукровыя заводы засталіся з савецкіх часоў і «дасталіся нам у паўразбураным стане», прадукцыю «практычна не выраблялі».

«Дайшло да таго, што перад двума адказным кіраўнікамі паклаў кайданкі і сказаў: „Да раніцы ня будзе цукру, ведаеце, што будзе“, — распавёў Лукашэнка. — Да раніцы ва ўсіх кропках з'явіўся цукар».

Ён таксама адзначыў, што заслугі ў мадэрнізацыі заводаў прыпісваюць дырэктарам, але «а грошы яны дзе ўзялі?».

«Я езьдзіў да Сі Цзіньпіна, прасіў грошай на гэтую фабрыку, — заявіў Лукашэнка. — Сапраўды гэтак і тады: напружыліся, правялі мадэрнізацыю чатырох заводаў. Зрабілі як цукерку».

«Была яшчэ адна афэра — з тарай»

Паводле Лукашэнкі, акрамя схемы зь перапродажам цукру «была яшчэ адна афэра», «там нешта з тарай зьвязана».

«Стварылі таксама нейкае сваё прадпрыемства і гэтую тару для цукру ў гэтага прадпрыемства закуплялі, — расказаў Лукашэнка. — І там цэны таксама завышалі і дзялілі маржу. Вось паводзіны гэтых дырэктараў».

«Дзясяткі самых сучасных аўтамабіляў, кватэры дзясяткамі, сядзібы…»

Лукашэнка сьцьвярджае, што пасьля затрыманьня дырэктары заводаў самі ва ўсім прызналіся — «ніхто іх не гнабіў, ня біў, пальцы ў дзьверы не засоўваў». І затрыманыя «ўсё напісалі, з кім зьвязаныя, каму вазілі, каму давалі».

«Правялі ператрусы — уласнасьці нямерана: там дзясяткі самых сучасных аўтамабіляў, кватэры дзясяткамі, сядзібы і велізарная колькасьць грошай», — пералічыў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG