Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калючы дрот вакол міліцэйскіх участкаў адмовіліся прыбіраць


Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронца зьвяртаўся з прапановай прыбраць высокія агароджы і калючы дрот вакол менскіх раённых упраўленьняў унутраных справаў, каб зрабіць іх «прыязнымі для наведваньня грамадзянамі».

Суд Цэнтральнага раёну Менску адмовіў у задавальненьні скаргі праваабаронцы Сяргея Ўсьцінава на адказ Міністэрства ўнутраных справаў на электронны зварот з прапановай прыбраць калючы дрот і высокія агароджы з аддзяленьняў міліцыі, расказвае «Прававая ініцыятыва».

Праваабаронца тлумачыў, што чалавеку псыхалягічна некамфортна прыходзіць у будынак за высокім плотам з калючым дротам, каб падзяліцца сваімі праблемамі. Ён прапаноўваў рабіць дэкаратыўныя агароджы, азеляненьне і вокны бяз кратаў прынамсі на фасадах, каб падвысіць давер людзей да міліцыі.

У МУС «не захацелі рэагаваць на прапанову па сутнасьці», перакананы праваабаронца: спаслаліся на адсутнасьць парушэньняў законаў пры мантажы плотаў і калючага дроту, спынілі перапіску.

Усьцінаў паскардзіўся на такі адказ у суд. Прадстаўнікі МУС там заявілі, што адказалі па сутнасьці звароту, а таксама адзначылі, што нарматыўна-праўныя акты, зьвязаныя са зьнешнім выглядам тэрыторыяў МУС, маюць грыф «для службовага карыстаньня».

Цяпер праваабаронца зьбіраецца трапіць на прыём да міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева, каб агучыць сваю прапанову кіраўніку ведамства. Але рашэньне суду дае міністру магчымасьць адмовіць у асабістым прыёме.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG