Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Уступленьне Беларусі ў NATO і Эўразьвяз, крэдыт на $25 млрд». Што тэлеграм-каналы напісалі пра візыт Пампэо


Аляксандар Лукашэнка вітае Майка Пампэо, Менск, 1 лютага 2020 году

Па сьлядах гістарычнага візыту ў Беларусь дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо расейскія ананімныя тэлеграм-каналы пішуць пра «тайны ліст» ад Дональда Трампа Аляксандру Лукашэнку і абяцаньні абараніць Менск ад уплыву Крамля.

Аналяг «угоды» Ізраіля і Палестыны

Майк Пампэо перадаў Аляксандру Лукашэнку асабісты ліст ад Дональда Трампа, сьцьвярджае тэлеграм-канал «Беларуский инсайдер», які спэцыялізуецца на «самых гарачых навінах знутры блізкага атачэньня прэзыдэнта Беларусі».

Паводле неназваных крыніц, у тым пасланьні шэраг прапановаў Беларусі, супастаўных рэзанансам зь «вялікай угодай» Ізраіля і Палестыны.

«Зьняцьце санкцый і дапамога ў правядзеньні рэформаў»

Тэлеграм-канал «Незыгарь» таксама сьцьвярджае, што абазнаны пра «сакрэтны пакет» з Вашынгтону. У прыватнасьці, гаворыцца, што ЗША для абароны сувэрэнітэту Беларусі прапаноўваюць пралабіяваць уступленьне краіны ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, NATO і Эўразьвяз на працягу трох гадоў, зьняцьце ўсіх санкцый, дапамогу ў правядзеньні рэформаў і крэдытную лінію на 25 мільярдаў даляраў.

Пры гэтым Беларусі нібыта абяцана «захаваньне сувэрэннасьці», падтрымка на міжнародным узроўні з адначасовым зьніжэньнем ўдзелу Менску ў праекце «саюзнай дзяржавы» і Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Майк Пампэо ў Менску, 1 лютага 2020 году
Майк Пампэо ў Менску, 1 лютага 2020 году

«Зрыў сцэнару трансфэрту ўлады ў Расеі»

Праўда, тэлеграм-канал «Тайная канцелярия» зьняпраўджвае высновы «Незыгаря» у частцы важнасьці Лукашэнкі для ЗША.

«Адзінае, навошта Лукашэнка цяпер патрэбен Трампу, дык гэта для зрыву сцэнару трансфэрту ўлады ў Расеі. Пампэо мог абяцаць што заўгодна Менску, але ў выніку ўсе пляны ЗША будуць рэалізоўвацца за кошт грамадзянаў Беларусі, як раней ва Ўкраіне. Дзіўна, як нашы экспэрты ня могуць параўнаць мадэлі экспансіі Захаду ва Ўкраіне і ў Беларусі перад Эўрамайданам».

На гэтым этапе «тактыка Бабіча» (былы амбасадар Расеі ў Беларусі, які рэалізоўваў жорсткую палітыку ў дачыненьні афіцыйнага Менску. — РС) цярпіць паразу без альтэрнатыўных варыянтаў ціску на Лукашэнку, што сьведчыць пра недахопы эканамічнай мадэлі стрымліваньня як фактару мяккай сілы Расеі, падсумоўвае аўтар.

«Адзіная дзяржава-канфэдэрацыя ад мора да мора»

Тэлеграм-канал «Трыкатаж» спасылаецца на «крыніцы» ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, якія нібыта «чыталі ліст Трампа».

«У тым лісьце, перададзеным прэзыдэнту Лукашэнку Дзяржсакратаром Пампэо, зьмяшчаецца ідэя „вялікай усходнеэўрапейскай угоды“ — геапалітычнага аб’яднаньня прыбалтыйскіх рэспублік, Беларусі, Украіны і, магчыма, Польшчы ў адзіную саюзную дзяржаву-канфэдэрацыю з адначасовым удзелам у Эўразьвязе і NATO», — паведамляюць крыніцы рэсурсу.

Майк Пампэо падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску, 1 лютага 2020 году
Майк Пампэо падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску, 1 лютага 2020 году

«Паэтапны дрэйф Менску ў бок заходняй мадэлі»

«Калі мы не далучым Беларусь, за нас гэта зробяць салдаты NATO, — прагназуе „Мастер пера“. — Замежныя партнэры заявіліся з палітычным, адміністрацыйным і фінансавым інструмэнтарыем, а па сутнасьці — з праектам, які прадугледжвае паэтапны дрэйф Менску ў бок заходняй мадэлі разьвіцьця».

Беларусь — гэта амаль Расея, хоць і ў своеасаблівым, самабытным варыянце, працягвае тэлеграм-канал. Пытаньне ў тым, што супрацьлеглыя бакі прапануюць Беларусі — якую будучыню, эканоміку, унутраную палітыку са сьпісам свабод, абмежаваньняў і каштоўнасьцяў. У Расеі захоўваецца магчымасьць інтэграцыі зь Беларусьсю. Але гэта будзе залежаць не ад келейных рашэньняў, а ад канкурэнтных пераваг. Прычым гэта павінны быць не прэфэрэнцыі на нафту і ня зьніжкі на газ, а пераканаўчыя праекты сумеснага раўнапраўнага разьвіцьця, якія перабілі б намаганьні апанэнтаў і заслужылі б давер большасьці беларусаў, сьцьвярджае ананімны тэлеграм-канал.

«Тэставы палігон для сыходу Лукашэнкі»

Лукашэнку «сыходзяць», разьвівае тэму «Бульба престолов».

«Саюз зь Беларусьсю як форма транзыту зьмяніўся на тэставы палігон. Але ўжо без Лукашэнкі. Будуць выбары. Новы прэзыдэнт падпісвае пагадненьне аб дарожных мапах. Толькі ўжо крыху іншае — пераасэнсаванае з улікам рэформаў у Расеі, бо шмат што мяняецца. А далей будзе адпрацоўвацца мэханізм збліжэньня, проста цяпер прыняць Беларусь у склад Расеі асобнымі рэгіёнамі — вельмі вялікі ўдар, і адміністрацыйны, і фінансавы. Так што збліжэньне на пэрыяд тры гады».

Тэлеграм-канал сьцьвярджае, што на працягу 5 гадоў пра Беларусь усе забудуцца і Штаты гэтаму ніяк не перашкодзяць.

«Лічыць Луашэнку сябрам могуць толькі наіўныя»

«Лічыць Лукашэнку сябрам Расеі могуць толькі вельмі наіўныя людзі», — лічыць тэлеграм-канал «Контора пишет».

«Hягледзячы на беспрэцэдэнтны ўзровень адкрытасьці расейскіх спэцслужбаў, што выяўляецца, у прыватнасьці ў падрыхтоўцы беларускіх курсантаў у профільных ВНУ разам з расейцамі, а таксама ў арганізацыі навучаньня беларускіх афіцэраў самым сучасным расейскім тэхналёгіям, „братушкі“ пастаянна працуюць супраць Расеі».

Мяркуючы па ўсім, «бацька» гэтым фактам проста ганарыцца, гаворыцца ў падсумаваньні.

«Тактычныя мэты Захаду і Расеі па Беларусі супадаюць»

Любая прапанова Захаду да Беларусі пачынаецца з нулявога пункту — свабодныя выбары з аднаўленьнем гранічнага тэрміну знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта і, адпаведна, без удзелу самога Лукашэнкі, сьцьвярджае тэлеграм-канал «Шулика».

«Такім чынам, Лукашэнка сваімі гульнямі загнаў сябе ў кут, а ў Расеі і Захаду тактычныя мэты ў сёньняшняй Беларусі супадаюць. Выйсьце ў яго адно — дамаўляцца з Крамлём пра транзыт улады і сыходзіць. Таму што калі ён будзе сыходзіць па дамоўленасьцях з Захадам, то ў Растове яго ня прымуць, а да кітайскай мяжы ён не дабяжыць», — падсумоўвае «Шулика».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG