Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі расейцаў падтрымалі папраўкі ў канстытуцыю Расеі


Пікет супраць паправак у расейскую канстытуцыю ў Санкт-Пецярбургу

Амаль 80% расейцаў лічаць прапанаваныя Ўладзімірам Пуціным папраўкі ў канстытуцыю важнымі. Найбольшую падтрымку выклікалі ініцыятывы ў індэксацыі пэнсій і фіксацыі мінімальнага заробку не ніжэй за пражытковы мінімум, паказала апытаньне Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі.

У рэспандэнтаў пыталі, як яны ставяцца да ўнясеньня тых ці іншых зьменаў у канстытуцыю і прапаноўвалі выбраць адзін з варыянтаў адказаў:

  • хутчэй станоўча;
  • хутчэй адмоўна;
  • хутчэй абыякава;
  • цяжка адказаць.

Найбольш падтрымалі ініцыятывы сацыяльнага характару, піша РБК. 91% грамадзян заявілі, што хутчэй станоўча ставяцца да прапановаў замацаваць у канстытуцыі абавязковую рэгулярную індэксацыю пэнсій, дапамог ды іншых сацыяльных выплат.

Далей па ўзроўні падтрымкі ідуць прапановы:

  • павялічыць цэнз аселасьці для кандыдатаў на прэзыдэнта з 10 да 25 гадоў — 87% (хутчэй адмоўна ставяцца 5%);
  • надзяліць канстытуцыйны суд функцыяй праверкі законапраектаў па запыце кіраўніка дзяржавы — 81% (супраць 4%);
  • забараніць замежнае грамадзянства і пасьведчаньне на жыхарства ў іншай дзяржаве для губэрнатараў, чальцоў ураду і іншых чыноўнікаў — 68% (хутчэй адмоўна 14%),
  • права прэзыдэнта прызначаць кіраўнікоў сілавых структур і пракурораў рэгіёнаў пасьля кансультацый з Саветам Фэдэрацыі (хутчэй станоўча ацанілі 66%),
  • выключыць з асноўнага закону слова «запар» у дачыненьні да тэрмінаў паўнамоцтваў прэзыдэнта (станоўча ацанілі 66%),
  • усталяваць прыярытэт расейскай канстытуцыі над міжнароднымі дамовамі (63% ацанілі станоўча),
  • 62% станоўча паставіліся да пашырэньня паўнамоцтваў Савета Фэдэрацыі,
  • 61% — да прапановы даць Дзярждуме права зацьвярджаць старшыню ўраду, віцэ-прэм'ераў і міністраў.

Пуцін прапанаваў пераразьмеркаваць паўнамоцтвы паміж галінамі ўлады, надзяліць паўнамоцтвамі Дзяржсавет і дазволіць звальняць судзьдзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў. Гэта самыя маштабныя палітычныя рэформы ў гісторыі Расеі пасьля прыняцьця Канстытуцыі ў 1993 годзе.

Многія экспэрты лічаць, што з дапамогай паправак Пуцін плянуе спрасьціць сабе захаваньне ўлады ў краіне пасьля завяршэньня яго прэзыдэнцкага тэрміну. У 2024 годзе Пуцін ня можа балятавацца ў прэзыдэнты Расеі ад таго, што Канстытуцыя забараняе яму займаць гэтую пасаду больш за два тэрміны запар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG