Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19-гадовы асуджаны за наркотыкі прайграў суд калёніі


Юлія Астраўко з адвакатам прадстаўлялі ў судзе інтарэсы сына
Юлія Астраўко з адвакатам прадстаўлялі ў судзе інтарэсы сына

19-гадовы Эміль Астраўко, якога праваабарончая арганізацыя Amnesty International назвала «сымбалем несправядліва» асуджаных за наркотыкі, не дамогся ў Бабруйскім судзе скасаваньня спагнаньняў, якія не дазволілі яму трапіць пад амністыю 2019 году.

31 студзеня судзьдзя Віялета Закржэўская палічыла прэтэнзіі Астраўко да адміністрацыі Бабруйскай выхаваўчай калёніі № 2 неабгрунтаванымі і ягоную скаргу пакінула без задавальненьня. Зьняволены зьбіраецца абскарджваць судовую пастанову.

Гісторыя Эміля Астраўко

  • Эміля Астраўко асудзілі 20 чэрвеня 2018 году за збыт асабліва небясьпечных наркатычных рэчываў у складзе злачыннай групы (4 частка 328 артыкулу). Паводле сьледзтва, ён рабіў закладкі з наркотыкамі на заказ ананімнага працадаўцы. Злачынная група і працадаўца засталіся нявыкрытымі. Пасьля перакваліфікацыі абвінавачваньня на 3 частку «наркатычнага» артыкулу Астраўко скароцілі зьняволеньне з 10 да 8 гадоў.
  • У 2018 годзе Юлія Астраўко разам з двума паплечніцамі з руху «Маці 328» судзілася зь Міністэрствам ўнутраных спраў за тое, што яно недастаткова робіць для прафіляктыкі распаўсюду наркотыкаў і ўцягваньня моладзі ў гэты злачынны бізнэс, а таксама для выкрыцьця буйных наркадылераў. Суд прайгралі.
  • У 2019-м перагляд ніжэйшага парога «антынаркатычнага заканакадаўства» дазволіў зьменшыць пакараньне яшчэ на 2 гады. Амністыя дазваляла скараціць яго да 4 гадоў, але статус «злосьніка» пазбавіў такой магчымасьці.
  • У сакавіку 2019 году Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала да тэрміновых дзеяньняў у абарону правоў маладых беларусаў. Гісторыі 17-гадовых Эміля Астраўко і Васіля Саўчанкі называліся «сымбалем тысяч падлеткаў, зьняволеных у жахлівых умовах пасьля несправядлівых судовых разглядаў дробных правапарушэньняў, зьвязаных з наркотыкамі». Неўзабаве пасьля звароту праваабаронцаў Эміля перавялі з «дзіцягай зоны» у «дарослую».

Маці асуджанага: Пазбаўляць праз дробныя парушэньні амністыі — дзіка

Самаго Астраўко на працэс не даставілі. Абаронцамі ягоных інтарэсаў былі маці Юлія Астраўко і адвакат. Яны даводзіла суду, што накладзеныя на Эміля «спагнаньні не сувымерныя яго парушэньням».

Юлія Астраўко
Юлія Астраўко

«Гэтыя спагнаньні ня мелі такога характару, каб стаць злоснымі, — настойвала ў судзе маці асуджанага. — Пазбаўляць праз такія дробныя парушэньні дзіця амністыі гэта дзіка».

Юлія Астраўко лічыць, што сын не ўчыняў таго за што яму прысудзілі 10 гадоў. У інтэрвію Свабодзе жанчына адзначыла, што ад лістапада 2018 (калі сына даставілі ў калёнію) па люты 2019 прэтэнзіяў да яго не было. Стаўленьне адміністрацыі зьмянілася пасьля таго, як яна пачала пісаць скаргі.

Юлія Астраўко кажа, што ўзімку 2019 году на доўгатэрміновым спатканьні ўбачыла ў сына «абмарожэньні на руках» і дэфармацыю ступакоў (выпіралася костка) ад цеснага абутку.

Акрамя таго яна была незадаволеная, што Эмілю далі працу выдзіраць з каркасу гумавых пакрышак мэталічны дрот (корд). Яна кажа, што ў сына бранхіяльная астма, а паколькі гума таксічны матэрыял, то пыл ад яго мог выклікаць абвастрэньне хваробы.

Парушэньні асуджанага паводле адміністрацыі выхаваўчай калёніі

  • Быў не паголены і ня меў кароткай стрыжкі. За парушэньне пазбаўлены доўгатэрміновага спагнаньня;
  • Падчас працы ў цаху меў неахайны выгляд, брудную вопратку і быў без ахоўных акуляраў. Пазбаўлены права на атрыманьне пасылкі.
  • У кабінэце выхавальніка ў гутарцы з супрацоўнікамі калёніі ўжываў жаргонныя і нецэнзурныя словы. Пазбаўлены кароткатэрміновага спатканьня.
  • У траўні 2019 году за тры спагнаньні яму надалі статус злоснага парушальніка рэжыму.

Адміністрацыя выхаваўчай калёніі: Мэты пазбаўляць асуджанага амністыі не было

Намесьнік начальніка выхаваўчай калёніі Віталь Котаў у судзе заявіў, што адміністрацыя ня ставіла мэты пазбавіць асуджанага амністыі, а праз спагнаньні яму ўказывалі на неабходнасьць выконваць правілы і парадак адбыцьця пакараньня. Разам з тым довады апанэнтаў ён назваў «важкімі».

Супрацоўнікі бабруйскіх выхаваўчай і папраўчай калёній
Супрацоўнікі бабруйскіх выхаваўчай і папраўчай калёній

Прадстаўнікі адміністрацыі калёніі заяўвілі, што цэх, у якім працаваў Астраўко прайшоў атэстацыю і не прызнаны шкодным. Па іх словах, за час працы ў асуджанага не было прыступаў хваробы.

Цяпер Эміль Астраўко адбывае пакараньне ў Бабруйскай папраўчай «дарослай» калёніі № 2.

Па словах супрацоўніка калёніі, у яго два заахвочваньні і адно скасаванае спагнаньне. Хлопца адзначылі за сумленнае стаўленьне да працы і ўдзел у грамадзкім жыцьці атраду. Астраўко ў «дарослай» калёніі ня мае сталага занятку, бо мае «шмат абмежаваньняў» па стане здароўя ды ня мае прафэсіі. Хлопец ня скончыў 11-й клясы і ня здаў выпускных экзамэнаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG